Украінскі нападнік Станіслаў Беленькі перайшоў у берасцейскае „Дынама”



Малады ўкраінскі форвард Станіслаў Беленькі стаў гульцом берасцейскага „Дынама”. Пра гэта паведамляе клубная прэс-служба.

Апошняй камандай футбаліста быў львоўскі „Рух” з першай лігі Украіны, дзе ён правёў 5 матчаў. Паўабаронца Валерый Патароча таксама падпісаў кантракт з „Дынама”. Мінулы сезон Патароча правёў у „Спадарожніку”. На рахунку 24-гадовага гульца 13 мячоў і сем галявых перадач у 26 матчах першай лігі.

Аляксандра Сасновіч не выйшла ў 1/8 фіналу на тэнісным турніры ў Мельбурне

Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч (92-ы нумар сусветнага рэйтынгу) прайграла на турніры Phillip Island Trophy ў Мельбурне. У трохсэтавым паядынку 1/16 фіналу адзіночнага разраду беларуска саступіла прадстаўніцы Аўстраліі Габрыэле Ды Сілву Фік (566) – 3:6, 6:2, 6:7 (6:8). У парным разрадзе беларускі дуэт Аляксандра Сасновіч / Вера Лапко ў першым крузе выйграў у аўстралійскага тандэму Дэстані Аява / Шарлот Кемпенаерс-Поч – 6:0, 6:4, а ў 1/8 фіналу згуляюць з амерыканскім тандэмам Кейтлін Крысціян / Сабрына Сантамарыя.

Этап Кубка свету па спартовай гімнастыцы ў Досе адкладзены

Этап Кубка свету па спартовай гімнастыцы на асобных снарадах, які павінен быў адбыцца ў сакавіку ў Досе, адкладзены. Такая інфармацыя размешчана на афіцыйным сайце Міжнароднай федэрацыі гімнастыкі (FIG). Прычына – сітуацыя ў галіне аховы здароўя. Пакуль пытанне аб новым месцы правядзення турніру не ставіцца. Спаборніцтвы планаваліся як кваліфікацыйныя да летніх Алімпійскіх гульняў у Токіо.

„Тотэнхэм” не плануе звальняць галоўнага трэнера Жазэ Мурынью

„Тотэнхэм” не збіраецца звальняць галоўнага трэнера Жазэ Мурынью. Лонданцы буйна саступілі „Манчэстар Сіці” (0:3) у рамках 24-га тура АПЛ, пацярпеўшы 5-ю паразу ў 6 апошніх матчах. Каманда займае 9-е месца ў АПЛ з 36 ачкамі. У кантракце Мурынью, заключаным у лістападзе 2019 года, няма ўмоў скасавання.

БАТЭ 18 лютага згуляе ў Белеку таварыскі матч з „Вентспілсам”

ФК БАТЭ дасягнуў дамоўленасці аб правядзенні кантрольнага матчу з „Вентспілсам” – чацвёртай камандай Латвіі па выніках сезона-2020. Як паведамляе афіцыйны сайт клуба, спарынг з вентспілсцамі адбудзецца 18 лютага. У бліжэйшую нядзелю, 21 лютага, у планах каманды адразу два таварыскія паядынкі – з латвійскай „Ліепаяй” і казахстанскай „Астаной”.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: dynamo.kiev.ua