Уладзімір Ігнацік не прайшоў у асноўную сетку тэніснага турніру ў Бухарэсце



Беларускі тэнісіст Уладзімір Ігнацік не здолеў прабіцца ў асноўную сетку турніру ў Бухарэсце. У вырашальным паядынку кваліфікацыі беларус, які займае 366-е месца ў сусветным рэйтынгу, саступіў расейцу Івану Гахаву, у якога 506-я пазіцыя, – 6:0, 2:6, 3:6.

Сабаленка засталася другой у рэйтынгу WTA

Беларуска Арына Сабаленка па-ранейшаму займае другое месца ў рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA). Вікторыя Азаранка страціла тры пазіцыі і зараз знаходзіцца на 35-м месцы, Аляксандра Сасновіч паднялася на 107-е месца, Вольга Гаварцова займае 134-ы радок. Лідыруе Эшлі Барці з Аўстраліі.

У рэйтынгу Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў (АТР) беларус Ілля Івашка ўпершыню ў кар’еры падняўся на 52-е месца. Ягор Герасімаў займае 97-ю пазіцыю. Лідар рэйтынгу – серб Новак Джокавіч.

Дзмітрый Дудзік ўзначаліў моладзевую і юніёрскую зборныя Турцыі

Былы форвард зборнай Беларусі Дзмітрый Дудзік ўзначаліў моладзевую (U-20) і юніёрскую (U-18) зборныя Турцыі. Акрамя таго, ён будзе працаваць у Федэрацыі хакея Турцыі спецыялістам па развіцці. Як паведаміў Дудзік сайту ФХБ, ён прыступіў да абавязкаў з 10 верасня і паспеў правесці з моладзевай зборнай Турцыі кароткі трэніравальны збор у Эрзуруме. Моладзевая зборная Турцыі ў гэтым сезоне рыхтуецца выступіць на чэмпіянаце свету ў дывізіёне III у Мексіцы.

Арцём Канцавы прызнаны найлепшым гульцом жніўня, Ігар Кавалевіч стаў найлепшым трэнерам

Арцём Канцавы прызнаны найлепшым гульцом футбольнага чэмпіянату Беларусі ў жніўні. Такі вынік традыцыйнага апытання асацыяцыі „Беларуская федэрацыя футбола”. У жніўні 22-гадовы паўабаронца берасцейскага „Руху” правёў 4 матчы, забіў 1 гол і зрабіў 4 выніковыя перадачы. Найлепшым трэнерам апошняга летняга месяца стаў 53-гадовы настаўнік гарадзенскага „Нёмана” Ігар Кавалевіч. У жніўні яго падапечныя выйгралі ўсе 4 сустрэчы.

Сяргей Гурэнка пакінуў салігорскі „Шахцёр”

Галоўны трэнер футбалістаў салігорскага „Шахцёра” Сяргей Гурэнка пакінуў свой пост. Такая інфармацыя размешчана на афіцыйным сайце салігорскага клуба. Такое рашэнне кіраўніцтва „Шахцёра” і настаўнік прынялі пасля паразы ў Барысаве ад футбалістаў БАТЭ.

Беларускае Радыё Рацыя