Уладзімір Ігнацік стартаваў з перамогі на турніры ў Італіі



Беларускі тэнісіст Уладзімір Ігнацік (307 АТП) перамог бразільца Гільерма Клезара (305 АТП) у першым крузе „Чэленджара” у Артцізеі – 6:4, 6:7, 6:1.

Наступным супернікам Ігнаціка стане серб Даніла Петравіч (172), пасеяны пад 11-м нумарам.

Мікіта Камароў пакінуў „Віцязь”

Выхаванец наваполацкага хакея Мікіта Камароў пакінуў „Віцязь”, колеры якога абараняў, пачынаючы з сезона 2018/19. Кантракт скасаваны па ўзаемнай згодзе бакоў. Раней беларускі форвард адмовіўся ад выступу за нацыянальную зборную краіны, каб не лічыцца ў падмаскоўным клубе легіянерам. Пазней статус беларусаў у КХЛ перагледзелі. У бягучым сезоне Камароў правёў за „Віцязь” шэсць матчаў, у якіх не адзначыўся выніковымі баламі пры паказчыку карыснасці 0.

Менскае „Дынама” выклікала абаронцу Рамана Дзюкава з „Юнацтва”, куды хакеіст быў камандзіраваны ў пачатку мінулага тыдня. З тых часоў Дзюкаў паспеў правесці за „Юнацтва” матч чэмпіянату Беларусі супраць жлобінскага „Металурга”.

Аляксандр Гутар і Павел Няхайчык могуць пакінуць берасцейскае „Дынама”

Брамнік Аляксандр Гутар і паўабаронца Павел Няхайчык могуць пакінуць берасцейскае „Дынама” па заканчэнні тэрміну кантрактаў у канцы сезона-2019/20. Няхайчык – капітан і лепшы снайпер каманды (12 галоў). Гутар правёў 24 матчы ў чэмпіянаце, у якіх прапусціў 15 мячоў. Абодва гатовыя разгледзець іншыя варыянты працягу кар’еры, – паведамляе by.tribuna.com.

Іван Кульбакоў – найлепшы галкіпер тыдня ў ВХЛ

Беларускі галкіпер „Нафтавіка” Іван Кульбакоў уганараваўся прызнання найлепшым брамнікам дзевятага гульнявога тыдня ў ВХЛ. У двух матчах выхаванец гомельскага хакея атрымаў дзве перамогі, адбіўшы 97,56 адсотка кідкоў у створ брамкі пры каэфіцыенце надзейнасці 0,51. У адным з паядынкаў Кульбакоў пакінуў сваю брамку ў недатыкальнасці, – паведамляе афіцыйны сайт ВХЛ. Усяго ў „рэгулярцы” на рахунку Кульбакова 7 матчаў і 6 перамог.

Зборная Беларусі па пляжным футболе перад ЧС правядзе два спарынгі ў Бразіліі

Зборная Беларусі па пляжным футболе перад дэбютам на чэмпіянаце свету правядзе два кантрольныя матчы ў Рыа-дэ-Жанейра. Беларусы ўжо прыбылі ў Бразілію, на 15 лістапада ў іх намечаны спарынг з камандай Японіі, а 17 лістапада адбудзецца сустрэча з дзеючым чэмпіёнам планеты зборнай Бразіліі. Перад вылетам беларуская каманда правяла ў Партугаліі два таварыскія паядынкі з нацыянальнай зборнай гэтай краіны. Першая сустрэча завяршылася перамогай партугальцаў у серыі пасляматчавых пенальці, а ў паўторнай беларусы выйгралі з лікам 8:4.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацы

Фота: tennis.by