Уладзімір Парфяновіч: Хакеісты – гэта фізкультурнікі і “пантаўшчыкі”



Трохразовы алімпійскі чэмпіён Уладзімір Парфяновіч распавядае, чаму ў беларускіх хакеістаў не стае патрыятызму.

Маладзёжная зборная Беларусі па хакеі выляцела з элітнага дывізіёна, прайграўшы ў матчах “на выжыванне” камандзе Даніі. Пры гэтым адпраўлялі хакеістаў на першынство, як на фронт: чыноўнікі казалі перад ад’ездам пра “кроў, якую пралівалі дзяды”, пра патрыятызм і бітву на лядовай пляцоўцы. Не дапамагло…

Уладзімір Парфяновіч: Я разумею, што можна казаць пра патрыятызм, калі б гэта на самой справе былі сапраўдныя прафесіяналы. А хакеісты “маладзёжкі” асабіста для мяне – пакуль што фізкультурнікі і “пантаўшчыкі”. У іх, акрамя гэтых самых “пантоў”, яшчэ нічога няма. Не буду казаць пра ўсіх, але для многіх нашых хакеістаў паняцце “Радзіма” – практычна пусты гук. Дадуць больш грошай у іншай краіне – адразу ж пабягуць і праз пяць хвілін пра сваё грамадзянства забудуцца. Таму казаць пра нейкі патрыятызм тут ніяк не выпадае.

РР: Тады як трэба было настройваць каманду на перамогі?

Уладзімір Парфяновіч: Прыбярыце фінансаванне хакея і пастаўце гэты від спорту ў адзін шэраг з іншымі. А то сёння хакей забірае дзве трэці фінансавання на ўвесь спорт. Вось паспрабуйце забраць у гэтых “фізкультурнікаў” грошы – і ўсе стане на свае месцы. Тады з’явяцца перамогі, а датчане стануць для зборнай Беларусі хлопчыкамі для біцця. І канкурэнцыя ў зборнай будзе ого-го! А пакуль даляры засцілаюць вочы, ніякага патрыятызму не будзе. Сёння гэты малады хакеіст ужо атрымлівае тысячу даляраў у месяц, а павінен атрымліваць 150.

РР: Хакей ужо 20 гадоў развіваюць, а выніку не так і шмат…

Уладзімір Парфяновіч: Прыярытэт у нас вызначаецца не па спартыўным прынцыпе. Калі хакеісты хочуць атрымліваць добрыя грошы, то ўсё павінна быць справядліва. Ёсць нейкі вынік – атрымай фінансаванне. Няма яго – трэніруйся да лепшых часоў….

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя