Уладзімір Парфяновіч: Лічыце мяне патрыётам
Трохразовы алімпійскі чэмпіён па веславанні Уладзімір Парфяновіч распавёў, як ён стаў трэнерам у нацыянальнай зборнай Польшчы, чаму развітаўся з расейцамі і не можа працаваць у Беларусі.
Нагадаем, што да апошняга часу Уладзімір Парфяновіч працаваў галоўным трэнерам зборнай Расеі, але пасля таго, як у 2014 годзе расейская каманда пад яго кіраўніцтвам заняла на чэмпіянаце свету на байдарках і каноэ, які праходзіў у Маскве, толькі 2-е месца, Парфяновіча адправілі ў адстаўку.
Некалькі месяцаў ён знаходзіўся без працы, а пасля паступіла прапанова з Варшавы, ад якой Уладзімір Парфяновіч не адмовіўся.
Уладзімір Парфяновіч: Зараз я працягваю працу ў трэнерскім штабе нацыянальнай зборнай Польшчы. Каманда для мяне, безумоўна, новая, але для яе створаны ўсе ўмовы, так што будзем імкнуцца да новых вышынь. Кантракт са мной разлічаны на 1 год.
РР: Гэты год – алімпійскі…
Уладзімір Парфяновіч: Так, і менавіта ад выніку выступлення польскіх весляроў на Алімпіядзе ў Бразіліі будзе залежыць і мой далейшы лёс. Дарэчы, у веславанні ў палякаў яшчэ не было ніводнага алімпійскага чэмпіёна. Не ведаю, як на ўзнагароды, аднак на прыстойнае выступленне спартсменаў мы разлічваем. Такога ж выніку ад нас і чакаюць.
РР: А што не склалася з працай у зборнай Расеі?
Уладзімір Парфяновіч: Скажам так: не сышліся ў поглядах з асобнымі людзьмі. Не люблю, калі на мняе ціснуць і ўказваюць, што мне трэба рабіць. Добра яшчэ, што ў свой час адмовіўся прыняць расейскае грамадзянства (а гэта мне таксама прапаноўвалі), бо з’язджаць з Расеі ўсё роўна трэба было без варыянтаў.
РР: Чаму адмовіліся ад расейскага грамадзянства?
Уладзімір Парфяновіч: Лічыце мяне патрыётам.
РР: З беларускай зборнай прапаноў не было?
Уладзімір Парфяновіч: Не. Відаць, мае паслугі зараз ім не да патрэбы.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота kayak-canoe.ru