Уладзімір Парфяновіч: Мы ўжо страцілі незалежнасць?



Трохразовы алімпійскі чэмпіён Уладзімір Парфяновіч распавядае, ці магчыма, што на Алімпіядзе ў Токіо Расея і Беларусь могуць выступіць аб’яднанай камандай.

Падчас інтэрв’ю галоўнаму рэдактару радыёстанцыі “Эхо Москвы” Аляксею Венядзіктаву кіраўнік Беларусі не выключыў верагоднасць сумеснага ўдзелу беларускіх і расейскіх атлетаў у Алімпійскіх гульнях у Токіа.

“Гэта трэба садзіцца і дамаўляцца, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Калі гэта не насуперак Алімпійскай хартыі (думаю, не супярэчыць), калі нашы федэрацыі дамовяцца, чаму не? Гэта будзе цікавая, паспяховая старонка нашых адносін па вельмі балючым пытанні.

Мы родныя, таму я гэтага не выключаю. Калі гэта актуальна для расіян, калі гэта будзе прымальна і нічога мы не парушаем, то чаму б не?”.

Уладзімір Парфяновіч: Мы што, ужо страцілі незалежнасць? Беларусь ужо называюць Саюзнай дзяржавай? Калі так, то няхай бяруць расейцаў у склад алімпійскай зборнай, ніякіх пытанняў няма. Тады трэба, каб быў Нацыянальны камітэт Саюзнай дзяржавы. Калі зыходзіць са слоў Лукашэнкі, то ўсім гэтым нашы спартыўныя чыноўнікі ўжо займаюцца.

РР: Вы ўсур’ёз успрымаеце словы кіраўніка Беларусі?

Уладзімір Парфяновіч: Яшчэ некалькі гадоў таму ніхто ў Беларусі ўсур’ёз не ўспрымаў словы пра магчымасць страты незалежнасці, а сёння гэта – аб’ектыўная рэальнасць і самая сапраўдная пагроза. Таму пры сёняшняй уладзе ўсё магчыма.

РР: Але ці рэльна, каб Міжнародны алімпійскі камітэт дапусціў удзел расейскіх спартсменаў у складзе беларускай зборнай?

Уладзімір Парфяновіч: Па-першае, ніхто з беларускай каманды не захоча аддаваць ліцэнзіі расейцам. Людзі чатыры гады рыхтаваліся да Алімпіяды і раптам – пакіньце месца?

Па-другое, пад беларускі сцяг расейскія спартсмены таксама проста так не змогуць заявіцца, бо ў людзей жа ёсць пэўнае грамадзянства. Таму ў заяве Лукашэнкі больш піяра і пазіравання перад Крамлём: маўляў, паглядзіце, якія мы добрыя. Але ўсе цудоўна разумеюць, што гэтыя словы нічога не вартыя.

Кастусь Заблоцкі, Беларусакае Радыё Рацыя