Уладзімір Парфяновіч: Няма за што на люстэрка крыўдаваць



Трохразовы алімпійскі чэмпіён Уладзімір Парфяновіч пракаментаваў санкцыі Міжнароднага алімпійскага камітэта ў дачыненні да Расеі.

Нагадаем, Расею адхілілі ад удзелу ў зімовай Алімпіядзе-2018. Расейскай зборнай будзе дазволена ўдзельнічаць на Гульнях у карэйскім Пхёнчхане толькі ў нейтральным статусе — тым атлетам, якія не былі заўважаныя ў допінгу — і без нацыянальнага сцяга, гімна і без пазнак «Расея» на форме і атрыбутыцы.

Уладзімір Парфяновіч: Мяркую, што рашэнне МАК было прынята аб’ектыўна, на падставе атрыманай інфармацыі і разбіральніцтва. Спадзяюся, што яно было ў найменшай ступені палітызаваным.

РР: У Расеі кажуць пра тое, што гэта — антырасейская замова…

Уладзімір Парфяновіч: Якая замова, калі людзей схапілі за руку з допінгам? Гэта, дарэчы, яшчэ з савецкіх часоў цягнецца, але тады тлумачылася “імперыялістычнай замовай”. Іншая справа, што асабіста я не вельмі веру, што ў Расеі была нейкая дзяржаўная допінгавая праграма. Там проста пануе ўседазволенасць. Я, да слова, увесь час кажу, што для допінг-парушальнікаў неабходна крымінальная і матэрыяльная адказнасць. Людзі павінны цудоўна разумець – калі на іх дзяржава траціць сродкі, то яны не павінны ганьбіць дзяржаву.

РР: На ваш погляд, ці адмовіцца ў такой сітуацыі Расея пасылаць на Гульні сваіх алімпійцаў?

Уладзімір Парфяновіч: Калі адмовіцца, то гэта будзе вялізнай памылкай. Спартсмены доўгі час рыхтаваліся да Алімпіяды, гэта іх жыццё, і мэта ўсяго жыцця. Таму нават, калі ў Расеі на самым высокім узроўні прымуць рашэнне байкатаваць Гульні, то на месцы спартсменаў я б паехаў. Ім гэта ніхто не забароніць зрабіць. Чаму яны павінны цярпець за тых, хто прымаў допінг? Гэта няправільна. Самае сумнае, што па колькасці медалёў, якія МАК праз нейкі час забраў у алімпійцаў, і Беларусь знаходзіцца ў лідарах.

РР: Ці магла Расея “разруліць” гэтую скандальную сітуацыю, якая цягнецца ўжо больш за два гады?

Уладзімір Парфяновіч: Безумоўна, калі б было такое жаданне. Калі на ЗША “наехалі” з той нагоды, што амерыканскія спартсмены прымаюць допінг, то ўспомніце, колькі там антыдопігавых лабараторый патрапілі пад свае ж санкцыі, колькі спартсменаў дыскваліфікавалі. І гэта зрабілі самі амерыканцы, ніхто іх не прымушаў. А Расея не прыняла жорсткіх мераў у вырашэнні вышэйзгаданай праблемы. Замест гэтага сталі шукаць знешнія замовы і ворагаў. І атрымалі тое, што атрымалі. Таму зараз няма за што на люстэрка крыўдаваць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя