Уладзімір Парфяновіч: У людзей няма грошай купляць квіткі на гэтыя гульні
Трохразовы алімпійскі чэмпіён Уладзімір Парфяновіч выказаў сваё стаўленне да Еўрапейскіх гульняў, які пачнуцца ў Менску 21 чэрвеня.
Уладзімір Парфяновіч: Улада кажа, што Еўрапейскія гульні – гэта найперш свята для беларускага народа, але я б гэта аспрэчваў. Занадта дарагія білеты, каб чалавек пры гэтым адчуваў свята. Ды яшчэ з улікам беларускіх заробкаў і пенсій.
Таму “шчаслівых” гледачоў будуць збіраць традыцыйным метадам. У розныя арганізацыі, на прадпрыемствы дашлюць паперы, дзе абавяжуць выкупіць пэўную колькасць квіткоў. І, паверце, ніхто не адмовіцца.
Але для мяне свята – гэта калі ты атрымліваеш асалоду ад таго, што вырашыў наведаць і паглядзець. А якое ж свята ад прымусовага загону людзей на спаборніцтвы? Хаця масоўка ў любым выпадку будзе забяспечана.
РР: На ваш погляд, ці высокі будзе ўзровень спартыўнага прадстаўніцтва?
Уладзімір Парфяновіч: Гэтым займаюцца нацыянальныя алімпійскія камітэты, таму я не ведаю, якія там дамоўленасці. Мяркую, склад спартсменаў будзе на дастатковым узроўні.
Увогуле, я лічу, што Еўрапейскія гульні, як праект, можа быць, сябе і апраўдаў бы, але ў такім выпадку трэба адмяняць правядзенне чэмпіянатаў Еўропы. Бо гэтыя спаборніцтвы, па сутнасці, адно і тое ж.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя