Уладзімір Парфяновіч: У нас улады загадалі каронавірусу не існаваць



Трохразовы алімпійскі чэмпіён Уладзімір Парфяновіч распавёў, ці змянілася нешта ў працы дзіцячых спартыўных школ.

Нагадаем, што славуты трэнер працуе апошнім часам у спартыўнай дзіцячай школе ў Мастах Гарадзенскай вобласці, хаця да гэтага ўваходзіў у трэнерскія штабы зборных Расеі і Польшчы.

Уладзімір Парфяновіч: Нашая спартыўная школа працуе, як і раней, нічога не змянілася. У нас жа “самы галоўны ўрач” краіны не лічыць, што сітуацыя з каронавірусам небяспечная. Маўляў, няма чаго прыкідвацца хворымі, трактар у вёсцы вас вылечыць. А ў нас, у Мастах, вада нёманская лечыць. Таму дзеці трэніруюцца па-ранейшаму, не было загаду адпраўляць іх дадому.

РР: Але, наколькі вядома, быў загад Мінспорта прыпыніць спаборніцтвы для дзяцей…

Уладзімір Прарфяновіч: Калі не памыляюся, на месяц дзіцячыя спаборніцтвы адмянілі, але ж усё астатняе засталося—вучоба працягваецца, трэніроўкі таксама. Спартыўныя лагеры, якія будзем праводзіць, таксама ніхто не адмяняў.

Дзіўная нейкая сітуацыя атрымліваецца. Ва ўсіх краінах, дзе зарэгістраваны выпадкі каронавіруса, межы закрываюць, школы і дзіцячыя садкі таксама, і толькі ў нас – цішыня. Загадалі ўлады каранціну не існаваць, і праблема, як быццам некуды знікла. Маўляў, у нашым балоце усё спакойна.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя