Уладзімір Верамеенка застаецца ў „Цмокi-Менск”
Вядомы беларускі баскетбаліст Уладзімір Верамеенка застаецца ў складзе „Цмокi-Менск” яшчэ на адзін сезон, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе чэмпіёнаў Беларусі. Уладзімір Верамеенка, якому цяпер 35 гадоў, перайшоў у „Цмокi” у верасні 2019 года і правёў 16 матчаў у Адзінай лізе ВТБ, а ў Кубку ФІБА-Еўропа згуляў 11 сустрэч. На думку галоўнага трэнера „цмокаў” Расціслава Вергуна, Уладзімір Верамеенка ўнёс вялікі ўклад у гульню каманды і стаў адным з лідараў не толькі на пляцоўцы, але і за яе межамі, дапамагаючы станаўленню маладых баскетбалістаў. Цяперашні сезон Адзінай лігі ВТБ быў завершаны датэрмінова ў сувязі з распаўсюдам каронавіруса. Баскетбалісты „Цмокi-Менск” правялі 19 матчаў і святкавалі 4 перамогі.
Форвард „Шахцёра” Дзмітрый Падстрэлаў стаў аўтарам лепшага гола 10-га тура чэмпіянату Беларусі
Аўтарам самага прыгожага гола дзясятага тура футбольнага чэмпіянату Беларусі прызнаны форвард салігорскага „Шахцёра” Дзмітрый Падстрэлаў. Такі вынік традыцыйнага галасавання заўзятараў, арганізаванага асацыяцыяй „Беларуская федэрацыя футбола”.
У пераможнай гульні з бабруйскай „Белшынай” Дзмітрый выйшаў на замену ў сярэдзіне другога тайма і аформіў дубль. Самым прыгожым стаў яго першы гол, забіты на 78-й хвіліне эфектным далёкім ударам. Дзмітрый Падстрэлаў таксама быў прызнаны найлепшым гульцом мінулага тура. Дзякуючы гэтай вікторыі футбалісты „Шахцёра” набралі 18 ачкоў і падняліся на чацвёртае месца ў турнірнай табліцы нацыянальнага першынства. Лідыруе барысаўскі БАТЭ, у якога 22 ачкі, на бал менш у сталічнага „Энергетыка-БДУ”.
Беларускія шашысты саступілі камандзе Нідэрландаў у матчавай анлайн-сустрэчы
Беларускія шашысты саступілі камандзе Нідэрландаў у матчавай анлайн-сустрэчы, паведамілі БЕЛТА ў Беларускай федэрацыі шашак. У першым туры спартоўцы завяршылі партыі ўнічыю з лікам 12:12. У другім туры мацнейшай апынулася зборная Нідэрландаў – 15: 9. Выніковы лік матчу – 21-27 не на карысць беларусаў. Першая сустрэча паміж зборнымі Нідэрландаў і Беларусі прайшла 26-29 снежня 1994 года ў Ратэрдаме і скончылася перамогай гаспадароў.
„Баварыя” зарабіла на продажы масак са сваёй сімволікай 250 тысяч еўра
Мюнхенская „Баварыя” зарабіла 250 тысяч еўра на продажы медыцынскіх масак са сваёй сімволікай і ахвяравала атрыманыя сродкі на барацьбу з каронавірусам, паведамляецца на сайце нямецкага футбольнага клуба. Як адзначаецца, акцыю па продажы масак пад назвай WeKickCorona запусцілі футбалісты „Баварыі” Йозуа Кіміт і Леон Гарэцкі. Маскі для дабрачыннай кампаніі былі пашыты з клубных шалікаў, якія „Баварыя” планавала прадаваць перад матчам у адказ 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў з лонданскім „Чэлсі” (сустрэча была перанесена на нявызначаны тэрмін з-за пандэміі каронавіруса).
Беларускае Радыё Рацыя