Уладзіслаў Калячонак набраў „+1” у пераможным матчы НХЛ „Арызоны” супраць „Сан-Хасэ”



У чарговым матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ „Арызона” абыграла „Сан-Хасэ” з лікам 5:2. Беларускі абаронца пераможцаў Уладзіслаў Калячонак правёў на лёдзе 15 хвілін 37 секунд, ужыў адзін сілавы прыём, заблакаваў адзін кідок саперніка, здзейсніў адзін перахоп, зарабіў каэфіцыент карыснасці „+1”.

„Нёман” скараціў адставанне ў серыі з „Юнацтвам”

Гарадзенскі „Нёман” адолеў менскае „Юнацтва” у другім авертайме трэцяга матча паўфінальнай серыі плей-оф Parimatch-Экстралігі — 2:1.

„Юнацтва” вядзе ў супрацьстаянні – 2-1  Камандзе з Гародні ўдалося перапыніць 12-матчавую серыю паразаў у гульнях з мінчанамі. Апошні раз „Нёман” абыгрываў „Юнацтва” 17 снежня 2020 года, – піша сайт ФХБ.
Наступны матч каманды правядуць заўтра у Гародні.

Зборная Беларусі захавала 14-е месца ў рэйтынгу ІІХФ

Міжнародная федэрацыя хакея (ІІХФ) абнавіла рэйтынг каманд пасля Алімпіяды ў Пекіне. Першае месца ў мужчынскім рэйтынгу займае зборная Фінляндыі. Фіны выйгралі Алімпіяду ў Пекіне. На другім месцы – зборная

Канады, на трэцім – расейцы.

Зборная Беларусі захавала 14-е месца.

Рэйтынг грунтуецца на выступах зборных на апошніх Алімпійскіх гульнях і апошніх чатырох чэмпіянатах свету.

„Слонім-2017” падпісаў паўабаронцу Іллю Анішчыка

„Слонім-2017” падпісаў трансферны кантракт з гарадзенскім „Нёманам”, паводле якога Ілля Анішчык будзе выступаць у яго складзе ў гэтым сезоне на правах арэнды. Анішчык з’яўляецца выхаванцам „Нёмана” і выступаў за дублюючы склад клуба.

Руд Ван Ністэлрой з наступнага сезона ўзначаліць ПСВ

Былы нападнік зборнай Нідэрландаў Руд ван Ністэлрой прызначаны галоўным трэнерам ПСВ. Пагадненне разлічана да 2025 года і набудзе моц з пачатку наступнага сезона. Такая інфармацыя размешчана на афіцыйным сайце каманды.

Цяперашні галоўны трэнер клуба Рогер Шміт пакіне сваю пасаду пасля заканчэння сезона. Каманда з Эйндховена на дадзены момант займае другое месца ў турнірнай табліцы чэмпіянату Нідэрландаў, набраўшы 64 ачкі ў 27 матчах. Экс-форвард працуе ў структуры ПСВ з 2016 года. За гэты час ён паспеў патрэніраваць шэраг юнацкіх і маладзёжную каманды ПСВ. Таксама ў актыве ван Ністэлроя ёсць досвед працы ў зборнай Нідэрландаў, дзе ён займаў пасаду асістэнта галоўнага трэнера.

Беларускае Радыё Рацыя