Уладзіслаў Міхальчук неўзабаве далучыцца да „Уілінга” з ECHL



Форвард Уладзіслаў Міхальчук (1999 г.) працягне кар’еру ў клубе лігі Усходняга ўзбярэжжа (ECHL) „Уілінг Нэйлерз”. Раней паведамлялася, што хакеіст падпісаў кантракт, але не трапіў у заяўку на сезон, які стартаваў на мінулым тыдні. Пасля заканчэння сезона-2019/20 беларус знаходзіўся ў Прынс-Джорджу. У ліпені Міхальчук заключыў кантракт з „Нэйлерз”. 16 снежня хакеіст адправіцца з Ванкувера ў Атаву для адкрыцця амерыканскай рабочай візы, пасля чаго павінен далучыцца да каманды.

Гульцы „Крумкачоў” папляскалі пустой трыбуне перад матчам са „Слуцкам”

Футбалісты „Крумкачоў” перад пачаткам першага пераходнага матчу супраць „Слуцка”, які стартаваў у 16.00 у Футбольным манежы, падышлі да пустой трыбуны і папляскалі. Такім чынам, намінальныя гаспадары поля выказалі стаўленне да вырашэння БФФ правесці паядынак без гледачоў. Матч у адказ пройдзе ў Слуцку 19 снежня. Пераможца супрацьстаяння па суме двух гульняў атрымае права гуляць у вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі-2021.

Менскае „Дынама” развіталіся з Іллёй Казьяніным

Супрацоўніцтва з форвардам Іллёй Казьяніным спынена па згодзе бакоў, – інфармуе афіцыйны сайт хакейнага менскага “Дынама”. Ілля Казьянін упершыню згуляў за „зуброў” у мінулым сезоне і ў трох матчах вызначыўся закінутай шайбай. У гэтым сезоне 20-гадовы форвард у гульнях КХЛ удзелу не прымаў.

Месі, Раналду і Мбаппе не патрапілі ў пяцёрку лепшых гульцоў 2020 году па версіі „Eurosport”

Нападнік мюнхенскай „Баварыі” Роберт Левандоўскі прызнаны найлепшым гульцом 2020 году па версіі „Eurosport”. Рэйтынг апублікаваны на сайце агульнаеўрапейскай спартовай сеткі. На другім месцы ў спісе бразільскі нападнік „ПСЖ” Неймар. Тройку замкнуў галкіпер „Баварыі” Мануэль Нойер.

Нарвежская гандбольная зборная згуляе ў студзені з беларусамі другім складам

Мужчынская зборная Нарвегіі па гандболе не зможа згуляць наймацнейшым складам у матчах кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы-2022 з камандай Беларусі, якія намечаны на 5 і 8 студзеня. З-за падрыхтоўкі да чэмпіянату свету ў Егіпце да паядынкаў з камандай Юрыя Шаўцова будуць рыхтавацца 16 гандбалістаў пад кіраўніцтвам Гейра Эрландсена.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя