US Open: Вікторыя Азаранка выйшла ў 3-ці раўнд, Вера Лапко выбыла
Вікторыя Азаранка (79-ы нумар класіфікацыі) у першым сеце паядынку з прадстаўніцай Аўстраліі Дар’яй Гаўрылавай (32-і нумар) нагадвала ў многіх момантах сябе ранейшую часу росквіту. Беларуска хутка павяла 3:0, потым 5:1 і з другога сет-бола за 36 хвілін аформіла першы крок да перамогі – 6:1. Пры тым яна „забрала” усе чатыры ачкі на падачы суперніцы.
У другой партыі характар гульні не перамяніўся. Азаранка дыктавала свае ўмовы, упэўнена брала сваё і перыядычна чужое. І з першага ж матч-болу завяршыла гульню – 6:2. Эфектная перамога беларускі!
Наступнай суперніцай Азаранкі, якая сёлета на US Open атрымала ўайлд-кард, стане мінулагодняя пераможца турніру амерыканка Слоан Стывенс (на сёння 3-я ракетка свету). Стывенс у другім крузе з цяжкасцю ў трох партыях адолела юную ўкраінку Ангеліну Калініну.
Іншай беларусцы Веры Лапко належала вытрымаць выпрабаванне бельгійкай Эліс Мертэнс (15-я ракетка свету). У першым сеце Лапко не змагла супрацьдзеіць на роўных – 2:6. А ў другой партыі гульня беларускі зусім развалілася. У выніку „абаранак” – 0:6 і агульная параза.
Дзве іншыя беларускі Арына Сабаленка і Аляксандра Сасновіч правядуць свае матчы другога раўнду 30 жніўня.
Беларускае Радыё Рацыя