US Open: Аляксандра Сасновіч і Арына Сабаленка прайшлі першы раўнд



Яшчэ дзве беларускія тэнісісткі стартавалі на адкрытым чэмпіянаце ЗША.

Аляксандра Сасновіч (33-я ракетка свету) у першым раўндзе змагалася з швайцаркай Беліндай Бенчыч (38-я). У першым сеце беларуска правалілася – 2:6. А вось у другой партыі тэнісісткі нібы памяняліся ролямі. Сасновіч узяла яе з пераканаўчым лікам 6:1. І ў трэцім сеце дамінавала валявая Аляксандра, якая „вынесла” суперніцу з корту – 6:2

У другим раўндзе Сасновіч сустрэнецца з расейкай Дар’яй Касаткінай (11-я ракетка свету).

Першая ракетка Беларусі Арына Сабаленка (20-ы нумар сусветнага рэйтынгу) у першым сеце граміла амерыканку Даніэль Колінз (37-ы нумар) – 6:0. Гэтая лёгкасць увяла Сабаленку ў псіхалагічны зман – у другой партыі амерыканка хутка давяла лік да 5:1. Беларуска схамянулася, узяла запар тры геймы, але канцоўку сета ўпусціла – 4:6. Вырашальная трэцяя партыя пачалася на нэрвах, Колінз захапіла ініцыятыву, Сабаленка адыгралася і выйшла наперад 4:2. Аднак услед прайграла сваю падачу, пайшоў абмен брэйкамі. Пры ліку 5:3 Сабаленка падавала на матч, аднак прайграла гэты гейм. І ўсё ж беларуска ў наступным розыгрышы ачка ўзяла сваё – 6:4.

У наступным крузе Сабаленка будзе змагацца з расейкай Верай Званаровай (133-ім нумарам рэйтынгу). 

Такім чынам упершыню ў гісторыі ажно 4 беларускія тэнісісткі выйшлі ў 1/32-ю фіналу на турніры Grand Slem!

Нагадаем, што раней выхад у другі раўнд аформілі сабе дзве іншыя беларускі – Вера Лапко і Вікторыя Азаранка.

Беларускае Радыё Рацыя