Усе беларускія ўдзельнікі прабіліся ў другі круг „Ралан Гарос”
Усе беларускія ўдзельнікі прабіліся ў другі круг „Ралан Гарос”-2022.
Cёмая ракетка планеты Арына Сабаленка адолела францужанку Хлою Паке — 2:6, 6:3, 6:4. 15-я у сусветным рэйтынгу Вікторыя Азаранка была мацней за румынку Ану Богдан — 6:7, 7:6, 6:2. Аляксандра Сасновіч нанесла паразу кітаянцы Сінь Юй Ван — 6:4, 6:2.
Адзіны беларус у мужчынскай асноўнай сетцы 50-ы тэнісіст планеты Ілля Івашка прайшоў француза Бенуа Пэра — 6:3, 7:5, 1:6, 7:5. Усе яны зарабілі па 86 тысяч еўра прызавых за перамогу ў першым раундзе.
Ясінскі назваў склад беларускай футбольнай моладзевай зборнай на чэрвеньскія матчы
Галоўны трэнер футбольнай моладзевай зборнай Беларусі (U-21) Сяргей Ясінскі назваў склад на чэрвеньскія матчы адборавага турніру першынства Еўропы 2023 года.
У трэніровачны лагер будуць выкліканы 23 гульцы. Найбольшае прадстаўніцтва – 4 гульцы ў «Іслачы» Менскага раёна, 3 гульцы выступаць за сталічны «Энергетык» БДУ, па 2 за менскае «Дынама», мазырскую «Славію», «Гомель», „Менск” і салігорскі „Шахцёр”. Каманда збярэцца ў Мінску 29 траўня, а потым выправіцца ў Ерэван, дзе на полі Федэрацыі футбола Арменіі правядзе два матчы: 1 чэрвеня з маладзёжнай зборнай Кіпра, 4 чэрвеня – з лідэрам кваліфікацыйнай групы D Партугаліяй. Потым беларусы возьмуць курс на Рэйк’явік, дзе 8 чэрвеня завершаць адборавы цыкл кантынентальнага першынства сустрэчай з ісландскімі аднагодкамі. Цяпер становішча ў групе D такое: Партугалія – 19 ачкоў, Грэцыя – 17, Ісландыя і Беларусь – 9, Кіпр – 8, Ліхтэнштэйн – 0 ачкоў. Наўпрост у фінальную стадыю моладзевага Еўра-2023 трапяць пераможцы дзевяці кваліфікацыйных груп, а таксама лепшая з каманд, якія фінішуюць другімі. Астатнія восем зборных, якія зоймуць другія месцы, правядуць паядынкі плей-оф за чатыры пуцёўкі ў фінал. Фінальная частка маладзёжнага кантынентальнага першынства з удзелам 16 лепшых каманд пройдзе на арэнах Грузіі і Румыніі, футбалісты якіх вызвалены ад адборавага этапа.
Славакі разграмілі датчан і выйшлі ў чвэрцьфінал
Зборная Славакіі ў апошнім матчы групавога турніру чэмпіянату свету разграміла каманду Даніі – 7:1.
Славакія набрала 12 ачкоў і ўзнялася на чацвёртае месца, абышоўшы датчан па выніку асабістай сустрэчы. Такім чынам, славакі гарантавалі сабе месца ў чвэрцьфінале.
Завяршыўся групавы раўнд чэмпіянату свету, паводле яго вынікаў вызначыліся пары чвэрцьфіналістаў. Зборная Швейцарыі сустрэнецца з камандай ЗША, фіны пазмагаюцца са славакамі, немцы сустрэнуцца з чэхамі, а зборная Швецыі згуляе з камандай Канады.
Чвэрцьфінальныя сустрэчы пройдуць 26 траўня.
Арцём Фядзянін стаў лепшым гульцом 9-га тура чэмпіянату Беларусі
Арцём Фядзянін прызнаны лепшым гульцом дзявятага тура футбольнага чэмпіянату Беларусі.
У мінулую нядзелю ў пераможнай хатняй сустрэчы з берасцейскім „Дынама” 28-гадовы паўабаронца магілёўскага „Дняпра” дапамог свайму клубу здабыць першую вікторыю, аформіўшы голавы дубль. На 59-й хвіліне Арцём Фядзянін эфектным далёкім ударам другі раз трапіў у браму берасцейцаў і гэты гол стаў самым прыгожым у мінулым туры.
Самы эфектны сэйв тура здзейсніў галкіпер „Менска” Павел Прышывалка, які адбіў мяч пасля небяспечнага ўдару лідара атак салігорскага „Шахцёра” Дэмба Дарбо. Дзякуючы надзейнай гульні свайго 22-гадовага брамніка мінчане змаглі абыграць аднаго з галоўных фаварытаў першынства з лікам 1:0.
Двухразовы чэмпіён Беларусі па барацьбе дыскваліфікаваны на 8 гадоў за спробу фальсіфікацыі допінг-пробы
Барэц вольнага стылю з каманды Беларусі Сурхо Рашыханаў дыскваліфікаваны на 8 гадоў за спробу фальсіфікацыі допінг-пробы падчас правядзення працэдуры адбору проб і прымяненне допінгу.
Акрамя таго, у спробе 26-гадовага спартоўца знайшлі дэгідрахлорметыл-тэстастэрон, паведамляе сайт НАДА.
Вынікі спартоўца 10-12 верасня 2021 года ануляваны. Тэрмін дыскваліфікацыі скончыцца 16 верасня 2029 года. Рашытханаў — двухразовы чэмпіён Беларусі і трохразовы срэбраны прызёр нацыянальнага першынства.
Беларускае Радыё Рацыя