Устаноўлены бязвіз для ўдзельнікаў і гледачоў II Еўрапейскіх гульняў



Указ № 292 „Аб мерах па падрыхтоўцы і правядзенні II Еўрапейскіх гульняў 2019 года” падпісаў 24 ліпеня Аляксандр Лукашэнка.

Дакумент устанаўлівае бязвізавы ўезд у Беларусь для ўдзельнікаў, афіцыйных прадстаўнікоў, арганізатараў гульняў, іншых спецыялістаў з 20 мая па 10 ліпеня 2019 года, а таксама для замежных турыстаў з 10 чэрвеня па 10 ліпеня па акрэдытацыйных картах або квітках на спартыўныя спаборніцтвы, паведаміла прэс-служба прэзідэнта. Гульні пройдуць з 21 па 30 чэрвеня.

Указам даюцца льготы для дырэкцыі II Еўрапейскіх гульняў, арганізацый рознай формы ўласнасці і замежных грамадзян, якія прыцягваюцца для падрыхтоўкі спаборніцтваў. Акрамя таго, дырэкцыя надзяляецца правам распараджацца сімволікай гульняў, выступаць рэкламадаўцам сацыяльнай рэкламы, звязанай са спаборніцтвамі.

Дакумент прадугледжвае бясплатнае перамяшчэнне па асобных участках платных дарог для транспартных сродкаў дзяржаў, якія не ўваходзяць у Еўразійскі эканамічны саюз, абмяжоўвае рух грузавых аўтамабіляў у Мінску ў дзённы час у перыяд правядзення гульняў, рэгулюе тэрміны дзеяння спецыяльнай мытнай працэдуры ў дачыненні да замежных тавараў, што ўвозяцца на тэрыторыю Беларусі і прызначаных для падрыхтоўкі і правядзення спаборніцтваў.

belapan.by

Фота sb.by