„УУС-Дынама” параўняла лік у 1/2 фіналу чэмпіянату Беларусі



Гарадзенскі клуб „УУС-Дынама” параўняў лік у паўфінальнай серыі 33-га чэмпіянату Беларусі па міні-футболе. У Гародні яшчэ за 5 хвілін да заканчэння сустрэчы гаспадары прайгравалі срэбранаму прызёру мінулага першынства гомельскаму ВРЗ, але потым Давуд Шцібегаў і Максім Мішкель забілі два мячы і дынамаўцы перамаглі – 2:1. На мінулым тыдні спартоўцы ВРЗ на сваёй арэне выйгралі з лікам 5:1. Наступная сустрэча гэтых каманд адбудзецца 27 траўня ў Гомелі.

Вікторыя Азаранка выйшла ў 1/32 фіналу „Ралан Гарос”

Беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка, якая мае 15-ы нумар сусветнага рэйтынгу,  пераможна стартавала на другім у сезоне турніры серыі „Вялікага шлема” – адкрытым чэмпіянаце Францыі. У 1/64 фіналу экс-першая ракетка планеты ў трохсэтавым паядынку адолела румынскую тэнісістку Ану Богдан – 6:7 (7:9), 7:6 (7:1), 6:2. У першым сэце беларуска выйгравала 5:2, але затым прайграла тры геймы запар. Потым справа дайшла да тай-брэйка, у якім Азаранка вяла 6:3, але ўсё ж саступіла. У другой партыі беларуска таксама на тай-брэйку ўзяла рэванш, а ў вырашальнай партыі даціснула румынку. У другім раундзе суперніцай Азаранкі будзе прадстаўніца Германіі 65-я ракетка планеты Андрэа Петкавіч.

Аўстрыя абыграла Вялікабрытанію, выбіўшы яе з эліты

У рамках групавога этапа чэмпіянату свету па хакеі ў Фінляндыі Аўстрыя абыграла Вялікабрытанію – 5:3 і выбіла яе з эліты чэмпіяната свету. Датчане перамаглі канадцаў 3:2. Зборная Казахстана святкавала перамогу над камандай Італіі – 5:2. Італьянцы вылецелі ў групу „А” дывізіёна I.

Зборная Чэхіі перайграла каманду ЗША – 1:0.

Чэхі забяспечылі сабе пуцёўку ў плэй-оф.

Менскае „Дынама” вымяняла ў „Спартака” правы на беларуса Валянціна Дземчанку

Менскае „Дынама” атрымала правы на беларускага форварда Валянціна Дземчанку. Узамен маскоўскі „Спартак” атрымаў правы на 25-гадовага чэшскага нападніка Міхала Шпачака, які мінулы сезон правёў у шведскай „Фрэлундзе”, паведамляе прэс-служба мінскага клуба.

20-гадовы Дземчанка мінулы сезон пачынаў у ВХЛ, дзе гуляў за „Хімік” з Васкрасенску. Затым выступаў за менскае „Юнацтва”, у якім згуляў 33 матчы, набраўшы 12 ачкоў. У сезоне-2020/21 станавіўся чэмпіёнам Беларусі ў складзе менскага клуба.

Беларускае Радыё Рацыя