Вадзім Ліхарад пакараны чатырохгадовай дыскваліфікацыяй
Год таму прызёра чэмпіянату свету 2018 года па цяжкай атлетыцы, беларуса Вадзіма Ліхарада адхілілі ад спаборніцтваў з-за падазрэнняў ва ўжыванні допінгу. 26-гадовага беларуса абвінавачвалі ва ўжыванні анабалічных стэроідаў, знойдзеных у спробе спартоўца ў студзені 2020 года. У канцы студзеня гэтага года Міжнародная федэрацыя цяжкай атлетыкі вынесла вердыкт – спартовец дыскваліфікаваны да 26 студзеня 2024 года.
„Тарпеда-БелАЗ” і „Нёман” перамаглі ў матчах турніру ў Жодзіна
На штучным полі жодзінскага стадыёна „Тарпеда” стартаваў традыцыйны перадсезонны турнір „Белазавец-2021”. У першым паядынку 1-й групы гаспадары спаборніцтваў футбалісты „Тарпеда-БелАЗ” абыгралі „Слуцк” з лікам 2:0. У другой гульні гарадзенскі „Нёман” апынуўся мацней за „Іслач” з Менскага раёна – 3:1.У другім папярэднім квартэце першыя гульні адбудуцца сёння. Тут выступяць прадстаўнікі 1-й лігі нацыянальнага чэмпіянату – дзяржынскі „Арсенал”, мінскія „Крумкачы” і бабруйская „Белшына”, а таксама дублюючы склад мінскага „Дынама”. Пасля завяршэння групавога этапу адбудуцца стыкавыя матчы за выніковыя месцы. Год таму ў вырашальным паядынку гэтага турніру футбалісты „Слуцка” перамаглі „Смалявічы” з лікам 3:1, а ў гульні за 3-е месца гарадзенскі „Нёман” адолеў „Віцебск” у серыі пасляматчавых пенальці. Таксама стала вядома, што 5 лютага берасцейскае „Дынама” правядзе спарынг са „Славіяй”, а менскае „Дынама” вылецела рэйсам „Белавія” на вучэбна-трэніровачны збор у Сочы. На зборы каманда прабудзе да 25 лютага, пасля чаго вернецца ў Менск.
Рэнан Брэсан можа перайсці ў бразільскі „Жувентудэ”
Бразільскі паўабаронца з беларускім пашпартам Рэнан Брэсан можа пакінуць „Парану”. Футбалістам цікавіцца „Жувентудэ” з другога бразільскага дывізіёна. Паводле інфармацыі крыніцы, афіцыйная прапанова Брэсану пакуль не паступіла. У мінулым сезоне „Жувентудэ” заняў трэцяе месца ў бразільскай серыі В. 32-гадовы Брэсан з пяццю мячамі і трыма галявымі перадачамі ў 31 паядынку стаў адным з лепшых бамбардзіраў „Параны”, якая па выніках чэмпіянату вылецела ў трэці дывізіён.
„Тотэнхэм” адмовіўся адпускаць Алі ў „ПСЖ”
Трансфер паўабаронцы Дэлі Алі з „Тотэнхэма” у „ПСЖ” не адбудзецца, піша ў Twitter інсайдэр Фабрыцыа Рамана. Клубы вялі перамовы аб арэндзе ангельца. Але „шпоры” вырашылі не адпускаць футбаліста, так як не змаглі знайсці яму замену. Раней клуб хацеў вярнуць Крысціяна Эрыксэна з „Інтэра”, але хаўбек застаўся ў Італіі. 24-гадовы Алі выступае за „Тотэнхэм” з 2015 года. Яго кантракт разлічаны да завяршэння сезона-2023/24. У гэтым сезоне ён правёў 12 матчаў, забіўшы 2 мяча, але пры гэтым правёў толькі 4 сустрэчы ў АПЛ.
Кіраўнік ФІФА: ЧС-2022 пройдзе пры запоўненых трыбунах
Кіраўнік Міжнароднай федэрацыі футбола (ФІФА) Джані Інфанціна заявіў, што абмежаванняў на допуск гледачоў на матчах чэмпіянату свету 2022 года ўжо не будзе. Як заявіў функцыянер падчас анлайн-нарады з СААЗ, ён упэўнены, што «зноў зможам адчуць магію, якая аб’ядноўвае свет, нарэшце, вернемся туды, дзе павінны быць». Турнір павінен прайсці ў Катары з 21 лістапада па 18 снежня 2022 года. У турніры возьмуць удзел 32 зборныя, этап кваліфікацыі да чэмпіянату свету пачнецца ў сакавіку гэтага года.
Зборная Кітая, якую трэніруюць Домрачава і Б’ёрндален, не ўзгадніла з уладамі выезд на чэмпіянат свету
Кітайскія біятланісты ня выступяць на чэмпіянаце свету. Ён пройдзе ў Паклюцы з 9 па 21 лютага. Зборная, якую трэніруюць беларуска Дар’я Домрачава і яе муж нарвежац Уле Эйнар Б’ёрндален, атрымала адмову на паездку на спаборніцтвы ад кітайскіх уладаў. Строгая палітыка абгрунтавана эпідэміялагічнай сітуацыяй у Еўропе.
Беларускае Радыё Рацыя