Вадзім Скрыпчанка пакінуў пасаду галоўнага трэнера „Тарпеда”- БелАЗ



Беларускі спецыяліст Вадзім Скрыпчанка пакінуў пасаду галоўнага трэнера „Тарпеда”– БелАЗ. Да бліжэйшага матчу каманду будзе рыхтаваць Сяргей Зяневіч. „На праведзенай сустрэчы кіраўніцтва футбольнага клуба з Вадзімам Скрыпчанкам было дасягнута пагадненне аб спыненні супрацоўніцтва са спецыялістам, – паведамляе прэс-служба „Тарпеда”. Пасля 20 тураў жодзінцы размяшчаюцца на шостым месцы ў турнірнай табліцы.

Два беларускія баксёры сталі бронзавымі прызёрамі маладзёжнага ЧЕ ў Сафіі

Два беларускія атлеты сталі бронзавымі прызёрамі моладзевага чэмпіянату Еўропы па боксе, які праходзіць у Балгарыі. Беларус Кірыл Леванькоў саступіў у паядынку за выхад у фінал расейцу Зміцеру Наімаву – 0:5 – і стаў бронзавым прызёрам. Таксама на трэцюю прыступку п’едэстала падняўся беларус Дзмітрый Бальк, саступіўшы расейцу Усману Магамадаву – 0:5.

Сасновіч стане трэцяй беларускай, якая згуляе ў асноўнай сетцы турніру ва Ухані

Пасля зняцця Карлы Суарэс Навара беларуска Аляксандра Сасновіч трапіла ў асноўную сетку турніру катэгорыі WTA Premier 5 у кітайскім Ухані. Турнір пройдзе з 22 па 29 верасня. Сасновіч стане трэцяй беларускай, якая пачне выступленне ў „аснове” – яна далучыцца да Арыны Сабаленка і Вікторыі Азаранка, – паведамляе „твітар” Boticсelli.

Беларускія валейбалісткі не выступяць на адборавым турніры да Алімпіяды ў Токіа

Еўрапейская канфедэрацыя валейбола (ЕКВ) апублікавала абноўлены рэйтынг нацыянальных каманд. Беларускі з 188 ачкамі знаходзяцца на 14 пазіцыі і не будуць браць удзел у кантынентальным адборавым турніры на Гульні ў Токіа. Згодна з умовамі кваліфікацыі на Алімпійскія гульні ў Токіа, удзел у кантынентальным адборы прымуць 8 лепшых зборных, якія выступаюць пад эгідай ЕКВ. На першым этапе кантынентальнага чэмпіянату валейбалісткі зборнай Беларусі гулялі ў славацкай Браціславе і пацярпелі 5 паразаў у пяці матчах. Падапечныя Пятра Хілько саступілі камандам Расеі, Іспаніі, Славакіі, Германіі і Швейцарыі, заняўшы апошняе месца ў групе D. Пасля вяртання дадому берасцейскі спецыяліст сышоў у адстаўку.

Беларускія футбалісты сёння прымуць дома партугальцаў ў кваліфікацыі моладзевага ЧЕ

Футбалісты моладзевай зборнай Беларусі (U-21) правядуць сёння, 10 верасня, другі хатні матч адборавага турніру чэмпіянату Еўропы 2021 года. У Жодзіне беларусы прымуць аднагодкаў з Партугаліі. У стартавым паядынку турніру беларусы разграмілі каманду Гібралтару з лікам 10:0. Тады беларускай камандай кіраваў Міхаіл Мархель, які цяпер узначальвае нацыянальную зборную, а яго месца заняў Сяргей Яромка.

Беларускае Радыё Рацыя