Вадзім Скрыпчанка зноў пазбавіўся працы
42-гадовы беларускі спецыяліст Вадзім Скрыпчанка звольнены з пасады галоўнага трэнера футбольнага клуба „Арарат-Арменія”.
Сталічны клуб Арменіі Скрыпчанка ўзначаліў у пачатку жніўня, але не прапрацаваў на новай пасадзе і двух месяцаў. За гэты час „Арарат-Арменія” пад кіраўніцтвам Скрыпчанкі правёў восем матчаў, у якіх па тры разы выйграў і прайграў, двойчы згуляў унічыю. На гэты момант „Арарат-Арменія” займае ў чэмпіянаце Арменіі пятае месца з дзевяці ўдзельнікаў. Такі прамежкавы зыход кіраўніцтва клуба не задаволіў, і трэнер быў звольнены за „нездавальняючыя вынікі”.
За тры апошнія гады Скрыпчанка паспеў папрацаваць у чатырох замежных клубах. Да Арменіі трэнер працаваў у Расеі: узначальваў „Урал”, „Крылы Саветаў” і „Анжы”. Два апошнія клубы пад кіраўніцтвам Скрыпчанкі пакідалі элітны дывізіён.
belapan.by