Вадзім Жук: “Дынама” і БАТЭ – не паказчык узроўню развіцця беларускага футбола
Суддзя міжнароднай катэгорыі Вадзім Жук распавядае пра шанцы двух беларускіх футбольных клубаў патрапіць у групавыя стадыі еўракубкаў.
26 жніўня ў плэй-оф Лігі чэмпіёнаў па футболе барысаўскі БАТЭ згуляе ў Бялградзе матч у адказ з мясцовым “Партызанам” (у першай гульні ў Барысаве перамаглі гаспадары – 1:0), а 27 жніўня ў плэй-оф Лігі Еўропы менскае “Дынама” ў гасцях згуляе з аўстрыйскім “Зальцбургам” (у першым матчы менчукі перамаглі – 2:0).
Абодва беларускія клубы маюць добрыя шанцы, як і год таму, патрапіць у групавыя стадыі еўракубкаў, а разам з гэтым і добра палепшыць матэрыяльнае становішча клубаў.
Вадзім Жук: Перш-найперш хачу сказаць, што і БАТЭ, і “Дынама” даволі ўдала правялі дамашнія матчы, але гэта не азначае, што яны гарантавалі сабе выхад у групавы турнір. Асабліва будзе складана барысаўчанам у Бялградзе, бо мясцовыя заўзятары падтрымліваюць заўсёды каманду так моцна, што іх яшчэ называюць дванаццатым іграком. Ды і лік 1:0 даволі слізкі. Адзін мяч прапусцілі – і няма ніякай перавагі. Увогуле, на мой погляд, шмат будзе залежыць ад псіхалагічнага настрою каманд на гэтыя паядынку. Барысаўчане ў апошнім туры чэмпіяната краіны выйгралі ў “Нёмана” з лікам 7:1, таму, спадзяюся, настрой у футбалістаў добры. Што датычыцца “Дынама”, то яны зрабілі ў супрацьстаянні з “Зальцбургам” добры запас дома. Зразумела, што БАТЭ і “Дынама” будуць гуляць ад абароны, але галоўнае вытрымаць націск супернікаў, не зламацца. Я спадзяюся, што абедзве каманды пройдуць гэты бар’ер.
РР: Зыходзячы з таго, што абодва беларускія клубы ўжо другі год запар могуць патрапіць у групавыя турніры еўракубкаў, ці можна сказаць, што узрастае ўзровень беларускага клубнага футбола?
Вадзім Жук: БАТЭ і “Дынама” – лідары беларускага футбола, а астатнія за імі, скажам так, пакуль плятуцца. Таму цяжка казаць пра нейкі паказчык узроўня ўвогуле. Вельмі вялікае падзяленне паміж гэтымі клубамі і астатнімі.
РР: Чаму так адбываецца? Вадзім Жук: Таму што ў гэтых клубаў лепшыя ўмовы, інфрастуктура, камплектаванне, фінансаванне. Паглядзіце, якая складаная сітуацыя ў гэтым сезоне ў многіх з выплатай заробкаў. А ў БАТЭ, і “Дынама” стабільнае становішча, і стабільны ўзровень.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя