Валейбалісткі „Менчанкі” саступілі калінінградскаму „Лакаматыву”



Валейбалісткі „Менчанкі” саступілі калінінградскаму „Лакаматыву” ў матчы расейскай суперлігі. Паядынак у калінінградскім спарткомплексе „Бурштынавы” завяршыўся з лікам 2:3. Самай выніковай валейбалісткай „Менчанкі” стала Маргарыта Сцепаненка, якая набрала 20 пунктаў. Па 12 ачкоў прынеслі беларускай камандзе Надзея Смірнова і Надзея Уладыка. Таксама 11 выніковых дзеянняў запісала на свой рахунак Таццяна Маркевіч. Яна ж забяспечыла сваёй камандзе 34% выдатнага прыёму. Менская каманда зарабіла першае ачко, аднак працягвае замыкаць турнірную табліцу розыгрыша.

Менскія „Цмокi” выйгралі ў „Хапаэля” у баскетбольнай Лізе чэмпіёнаў

Баскетбалісты „Цмокi-Менск” пераможна завяршылі першы круг групавога этапу Лігі чэмпіёнаў. У матчы трэцяга тура групы С падначаленыя Расціслава Вяргуна абыгралі ў Халоне ізраільскі „Хапаэль” 79:69. Менчане з першых хвілін захапілі ініцыятыву і сышлі на вялікі перапынак з перавагай у 15 ачкоў. У другой палове сустрэчы госці працягвалі кантраляваць хаду гульні і заслужана перамаглі. Самым выніковым у іх складзе стаў латвійскі легіянер Томас Лейманіс, які набраў 20 ачкоў.

Свой наступны матч у Лізе чэмпіёнаў „Цмокi” правядуць 15 снежня на сваёй пляцоўцы супраць „Хапаэля”. Да гэтага ў мінчан запланаваныя тры сустрэчы ў Адзінай лізе ВТБ.

Аўстрыйскі тэнісіст Дамінік Цім выйграў другі матч на выніковым турніры АТР

Аўстрыйскі тэнісіст Дамінік Цім, які мае 3 нумар сусветнага рэйтынгу, выйграў свой другі матч на выніковым турніры АТР, які праходзіць у Лондане. Аўстрыец за дзве з паловай гадзіны адолеў на двух тай-брэйках другую ракетку планеты іспанца Рафаэля Надаля – 7:6 (9: 7), 7:6 (7:4). У першым туры групавога этапу Дамінік Цім быў мацней за пераможцу выніковага турніру 2019 года грэка Стефанаса Цыцыпаса.

Агульны прызавы фонд цяперашняга турніру, які завершыцца 22 лістапада, складае 5 мільёнаў 700 тысяч даляраў.

Зборная Іспаніі адправіла ў браму немцаў шэсць мячоў і выйшла ў плэй-оф

Зборная Іспаніі разграміла каманду Нямеччыны ў матчы заключнага тура групавога раўнду Лігі нацый – 6:0. Хет-трык аформіў форвард іспанцаў Феран Торэс. „Чырвоная фурыя” выйграла групу 4 і выйшла ў плэй-оф турніру. Зборная Францыі адправіла шведаў у дывізіён „В”, абыграўшы іх з лікам 3:2, дублем адзначыўся Жыру. Партугальцы з такім жа лікам адолелі харватаў – па дублі на свой рахунак запісалі Кавачыч і Рубен Дыяш, адзін гол забіў нападнік мадрыдскага «Атлетыка» Жуан Феліш.

Зборная Чарнагорыі заваявала пуцёўку ў дывізіён „В” Лігі нацый. У матчы заключнага тура групавога раўнда ў лізе „С” балканцы разграмілі каманду Кіпра – 4:0. Кіпрыёты згуляюць у плэй-аўт за права захаваць прапіску ў дывізіёне.

У дывізіён „С” Лігі нацый выйшлі зборныя Фарэрскіх Выспаў і Гібралтара. Першыя напярэдадні згулялі ўнічыю з Мальтай 1:1, а другія з такім жа лікам завяршылі матч з Ліхтэнштэйнам.

Бразілія перамагла Уругвай у кваліфікацыі да Чэмпіяната свету

Завяршыўся чацвёрты тур кваліфікацыі чэмпіянату свету-2022 у зоне Паўднёвай Амерыкі: Бразілія перамагла Уругвай 2:0, дзякуючы галам Артура і Рышарлісана, на 71-й хвіліне гульні быў выдалены з поля нападнік уругвайскай зборнай Эдзінсан Кавані. Гол Лаутары Мартынэса дапамог зборнай Аргентыны абыграць Перу 2:0. Венесуэла сенсацыйна перайграла Чылі 2:1, а Эквадор разграміў Калумбію 6:1.

Беларускае Радыё Рацыя