Валейбалісткі «Мінчанкі» выйгралі Кубак Беларусі



Валейбалісткі «Мінчанкі» абыгралі ў фінале Кубка Беларусі берасцейскае «Прыбужжа» з лікам 3:1. Фінальны матч прайшоў у магілёўскім спарткомплексе «Алімпіец» і завяршыўся перамогай сталічных валейбалістак, якія абаранілі леташні тытул. Перад фінальным паядынкам у спрэчцы за трэцяе месца мазырская «Жамчужына Палесся» абыграла магілёўскі «Камунальнік» – 3:2.

Беларускія гандбалісты сталі пераможцамі турніру ў Польшчы

Гандбалісты зборнай Беларусі сталі пераможцамі міжнароднага турніру ў польскім Тарнуве, выйграўшы ўсе тры матчы. У сваім заключным паядынку беларусы перайгралі зборную Польшчы з мінімальнай перавагай у ліку – 25:24. У складзе беларускай дружыны самым выніковым апынуўся Мікіта Вайлупаў, які закінуў восем мячоў. На старце турніру падначаленыя Юрыя Шаўцова перамаглі каманду Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў 31:24, а затым абыгралі другую зборную Іспаніі 30:26.

Беларусы вяртаюцца ў Менск і працягнуць падрыхтоўку да чэмпіянату Еўропы-2020, на які адправяцца 7 студзеня.

Расейская «маладзёжка» пяты раз запар прайграла ЗША на чэмпіянаце свету

У чарговым матчы моладзевага чэмпіянату свету па хакеі зборная Расеі прайграла камандзе ЗША з лікам 1:3. Расейская каманда не можа абыграць прынцыповага суперніка на чэмпіянатах свету з 2016 года. «Зорна-паласатыя» святкавалі пяць перамог у пяці апошніх матчах з расейцамі. У трох выпадках амерыканцы абыгрывалі Расею на стадыі плэй-оф.

Юніёры «Дынама-Менск» выйгралі хакейны турнір у Швейцарыі

Юніёры «Дынама-Менск» святкавалі перамогу на 25-м юбілейным міжнародным дзіцячым хакейным турніры ў Швейцарыі. У матчы за першае месца сышліся дзіцячыя хакейныя каманды «Дынама-Менск» і СК «Менск», якія дайшлі да фіналу без адзінай паразы. Сустрэча скончылася з лікам 2:0. На турніры беларускім юніёрам супрацьстаялі хакейныя клубы Швейцарыі, Расеі і Францыі – у агульнай складанасці 10 каманд.

«Арсенал» прайграў «Чэлсі» ў лонданскім дэрбі,

У матчы 20-га тура англійскай Прэмʼер-лігі «Арсенал» прымаў «Чэлсі». Лонданскае дэрбі адбылося на стадыёне «Эмірэйц» і завяршылася з лікам 2:1 на карысць гасцей. Аўтарам першага гола стаў нападнік «Арсенала» Пʼер-Эмерык Абамеянг, які адправіў мяч у браму суперніка на 13-й хвіліне. У канцы другога тайма лік зраўняў хаўбек «Чэлсі» Жаржыньё, а праз чатыры хвіліны форвард сініх Тэмі Абрахам забіў пераможны мяч. Серыя «Арсенала» без перамог у чэмпіянаце Англіі дасягнула чатырох матчаў. У папярэдніх турах «кананіры» двойчы згулялі ўнічыю і пацярпелі адну паразу. «Чэлсі» займае чацвёртае месца ў турнірнай табліцы АПЛ. Лідар чэмпіянату «Ліверпуль» на хатняй арэне абыграў «Вулверхэмптан» 1:0. Аўтарам адзінага гола стаў нападнік Садзіа Манэ. Пераможная серыя «Ліверпуля» у АПЛ дасягнула 10 матчаў. «Манчэстар Сіці» абыграў «Шэфілд Юнайтэд» 2:0 – галы забівалі Серхіа Агуэра і Кевін Дэ Бройнэ. «Манчэстар Сіці», набраўшы 41 ачко, займае трэцяе месца ў турнірнай табліцы.

Берасцейскае «Дынама» абвергла цікавасць да Алега Конанава

Прэс-служба футбольных чэмпіёнаў Беларусі заявіла, што інфармацыя аб магчымым прыходзе ў каманду трэнера Алега Конанава не зʼяўляецца дакладнай. «У дзіцячай акадэміі ў Берасці працуе трэнерам сын Алега Конанава, Ілля. Гэта і магло стаць прычынай візіту ў Берасце яго бацькі. Просім нашых заўзятараў не звяртаць увагу на падобныя ўкіды», – цытуе заяву прэс-службы by.tribuna.com. У клубе паабяцалі назваць імя новага галоўнага трэнера ў бліжэйшы час.

Раналду ў шосты раз стаў найлепшым футбалістам года

Лепшым футбалістам 2019 году па версіі Globe Soccer Awards названы Крышціяну Раналду. Нападнік турынскага «Ювентуса» і зборнай Партугаліі ганараваўся прэстыжнай узнагародай у шосты раз. Цырымонія ўзнагароджання прайшла ў Дубаі. Спартовыя эксперты адзначылі ўклад Раналду ў перамогу «Ювентуса» у чэмпіянаце Італіі і яго гульню ў складзе зборнай Партугаліі, якая дапамагла партугальцам выйграць Лігу нацый УЕФА.

Беларускае Радыё Рацыя