Валейбалісткі зборнай Беларусі абыгралі швейцарак



Валейбалісткі зборнай Беларусі абыгралі каманду Швейцарыі ў матчы кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы – 2021 з лікам 3:1. Самымі выніковымі ў пераможцаў сталі Надзея Столяр, якая набрала 14 ачкоў, і Ганна Клімец, у якой на ачко менш. Капітан зборнай Беларусі Таццяна Маркевіч зарабіла 11 ачкоў. Пасля гэтага матчу становішча ў групе А, дзе выступаюць беларускі, такое: Беларусь — пасля 2 матчаў 6 ачкоў. Швейцарыя – 2 ачкі пасля 2 гульняў, у Эстоніі – столькі ж 2, але на гульню менш. Другі тур адборавага турніру чэмпіянату Еўропы па валейболе сярод жаночых каманд у групе А пройдзе з 13 па 15 траўня ў Менску.

„Мяшкоў Брэст” саступіў „Барселоне” у першым чвэрцьфінале гандбольнай Лігі чэмпіёнаў

Гандбалісты клуба „Мяшкоў Брэст” прайгралі ў сваім дэбютным чвэрцьфінальным паядынку Лігі чэмпіёнаў. На пляцоўцы берасцейскага спарткомплексу „Вікторыя” чэмпіёны Беларусі саступілі іспанскай „Барселоне” з лікам 29:33. Самым выніковым у складзе гаспадароў стаў Мікіта Вайлупаў, які закінуў 11 мячоў. Сустрэча ў адказ за выхад у „Фінал чатырох” Лігі чэмпіёнаў адбудзецца 20 траўня ў Барселоне.

„Мяшкоў Брэст” упершыню за ўвесь час выступаў прабіўся ў васьмёрку лепшых клубаў Старога Свету.

„Лакаматыў” у дзевяты раз заваяваў Кубак Расеі па футболе

Футбалісты маскоўскага „Лакаматыва” у дзявяты раз сталі ўладальнікамі Кубка Расеі. У фінальным паядынку ў Ніжнім Ноўгарадзе „Лакаматыў” абыграў самарскія „Крылы Саветаў” з лікам 3:1. У першым тайме каманды абмяняліся галамі, а пасля перапынку масквічы яшчэ двойчы засмуцілі брамніка Івана Ламаева. Беларускі нападнік „Лакаматыва” Віталь Лісаковіч на поле не выходзіў, гэтак жа як і беларускі абаронца „крылаў” Дзмітрый Прышчэпа.

Квіткі на фінал Кубка Беларусі каштуюць ад 4 да 8 рублёў

У продаж паступілі квіткі на фінальны матч 30-га розыгрышу Кубка Беларусі па футболе, які адбудзецца 23 траўня ў Гомелі. Кошт квіткоў на сустрэчу барысаўскага БАТЭ і футбалістаў „Іслачы” з Менскага раёна складае ад 4 да 8 рублёў. Паводле інфармацыі асацыяцыі „Беларуская федэрацыя футбола”, заўзятары БАТЭ размесцяцца ў 6-м і 7-м сектарах гомельскага стадыёна „Цэнтральны”, фанатам „Іслачы” прадастаўлены 10-ы і 11-ы сектары. Футбалісты БАТЭ з’яўляюцца чатырохразовымі ўладальнікамі Кубка краіны, а ў фінале яны згуляюць у дзясяты раз. „Іслач” упершыню ў сваёй гісторыі прабілася ў фінал кубкавага турніру.

«Атлетыка» перамогу і замацаваўся на першым месцы Прымеры

У 36-м туры іспанскай Прымеры «Атлетыка» перамог «Рэал Сасьедад» 2:1. «Атлетыка», набраўшы 80 ачкоў, замацаваўся на першым месцы ў турнірнай табліцы чэмпіянату Іспаніі. Адрыў «матраснікаў» ад «Барселоны» складае 4 ачкі, а ад «Рэала», які яшчэ не згуляў свой матч з «Гранадай» у гэтым туры, – 5 ачкоў.

Баскетбалісты Унікса перамаглі „Зялёнага Гуру” ў матчы 1/4 фіналу Адзінай лігі ВТБ

У плэй-оф Адзінай лігі ВТБ завяршыліся першыя матчы чвэрцьфінальных серый. У Казані баскетбалісты мясцовага Унікса ўпэўнена перайгралі гасцей з польскага клуба „Зялёна Гура” — 87:60.

Баскетбалісты „Цмокi-Мiнск” правялі цяперашні чэмпіянат няўдала: у 24 праведзеных гульнях яны святкавалі ўсяго тры перамогі і занялі 13-е, апошняе месца.

Forbes назваў самага высокааплатнага спартоўца свету

Ірландскі баец змешаных адзінаборстваў Конар Макгрэгар стаў самым высокааплатным спартоўцам свету. Рэйтынг склаў амерыканскі часопіс Forbes. Адзначаецца, што даход ірландца за апошні год склаў 180 мільёнаў даляраў. У топ-3 спісу таксама ўвайшлі футбаліст іспанскага клуба «Барселона» Ліянэль Месі, а таксама гулец італьянскага «Ювентуса» Крышціяну Раналду. Аргентынскі нападнік зарабіў за год 130 мільёнаў. У партугальскага форварда «Ювентуса» 120 мільёнаў даляраў.

Беларускае Радыё Рацыя