Валейбалісткі зборнай Беларусі выйшлі ў фінальную частку ЧЕ-2021
Валейбалісткі зборнай Беларусі перамаглі каманду Эстоніі ў матчы адборавага турніру чэмпіянату Еўропы – 2021 з лікам 3:0.
Самай выніковай у пераможцаў стала Ганна Клімец, на рахунку якой 16 ачкоў. Па 12 пунктаў зарабілі Надзея Столяр і Ганна Давыскіба. Такім чынам, за тур да канца адборавага турніру ў групе А беларускі забяспечылі сабе месца ў ліку ўдзельнікаў Еўра-2021 сярод жаночых каманд.
Беларускія хакеісты саступілі камандзе Казахстана ў таварыскім матчы
Беларускія хакеісты саступілі камандзе Казахстана ў таварыскім матчы з лікам 0:2 . З першых хвілін матчу беларусы спрабавалі выкарыстаць супраць супернікаў высокі прэсінг, але казахстанцы змаглі знайсці эфектыўную зброю і стварылі некалькі непрыемных момантаў ля брамы Канстанціна Шостака. У другім перыядзе беларусы працягнулі атакаваць, але ў выніку прапусцілі шайбу ад Керціса Воўка, які адправіў яе ў брамку пасля серыі рыкашэтаў. У трэцім перыядзе, гуляючы ў меншасці, падначаленыя Міхаіла Захарава прапусцілі яшчэ раз. Трапны кідок ад сіняй лініі атрымаўся ў Дарэна Дзіца. Пасля матчу каманды правялі булітную серыю, у якой былі мацней беларусы. Двойчы закінуў Сяргей Касціцын.
Апошні перад чэмпіянатам свету спарынг каманда Міхаіла Захарава заўтра зноў правядзе супраць дружыны Казахстана.
Кіеўскае „Дынама” заваявала Кубак Украіны
Кіеўскае „Дынама” ў дадатковы час заваявала Кубак Украіны. На 98-й хвіліне гульні перамогу сталічнай камандзе прынес гол Віктара Цыганкова. Кіяўляне 13 раз выйгралі кубак краіны.
Дортмундская „Барусія” пяты раз заваявала Кубак Нямеччыны. У фінальным матчы „чмялі” разграмілі „Лейпцыг” – 4:1. Па дублі аформілі Джэйдан Санча і Эрлінг Холанд. У Манчэстэры на стадыёне «Олд Трафард» адбыўся перанесены матч 34-га тура АПЛ «Манчэстар Юнайтэд» – «Ліверпуль». Сустрэча завяршылася перамогай мерсісайдцаў з лікам 4:2. У складзе «Ліверпуля» дублем адзначыўся Ферміна. «Манчэстар Юнайтэд» у 36 матчах набраў 70 ачкоў і займае другое месца ў турнірнай табліцы. «Ліверпуль» набраў 60 і падняўся на пятае месца. У падначаленых Юргена Клопа адзін матч у запасе.
Футбалісткі „Нёмана” згулялі ўнічыю з „Зоркай-БДУ” ў чэмпіянаце Беларусі
На футбольным чэмпіянаце Беларусі сярод жаночых каманд стартаваў 8-ы тур. Гарадзенскі „Нёман”, які ідзе трэцім, у сваім крытым манежы двойчы выйграваў па ходзе матча са сталічнай „Зоркай-БДУ”, але не ўтрымаў перамогу – нічыя 2:2. З такім жа вынікам завяршыўся і другі паядынак – футбалісткі „Віцебска” ў Менску разышліся мірам з юніёрскай зборнай Беларусі (U-19).
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: belta.by