Валейбалісты зборнай Беларусі cаступілі камандзе Партугаліі



Валейбалісты зборнай Беларусі саступілі камандзе Партугаліі ў стартавым матчы другога тура адборавага турніру да чэмпіянату Еўропы-2021 у групе G з лікам 1:3. Самымі выніковымі гульцамі сустрэчы ў беларусаў сталі Радзівон Міскевіч, які набраў 21 ачко, і Уладзіслаў Давыскіба – у яго 18 пунктаў.

Пасля чатырох гульнявых дзён турнірнае становішча ў групе G такое: Партугалія – 4 перамогі / 11 ачкоў. Беларусь – 2/7. Нарвегія і Вугоршчына — 1/3. Такім чынам, беларускія валейбалісты захоўваюць шансы трапіць у лік удзельнікаў Еўра-2021, аднак для гэтага ім неабходна абыграць каманды Вугоршчыны і Нарвегіі.

Беларускія сінхраністкі занялі 4-е месца на ЧЕ ў адвольнай праграме

Беларускія сінхраністкі занялі чацвёртае месца на чэмпіянаце Еўропы па артыстычным плаванні ў адвольнай праграме груп.

Выніковая адзнака каманды ў склад якой увайшлі Маргарыта Кірылюк, Ганна Ковцун, Яна Кудзіна, Ксенія Куляшова, Анастасія Навасёлава, Валерыя Пузь, Ксенія Трацэўская і Аляксандра Высоцкая — больш за 86 балаў. Перамаглі ў дадзеным выглядзе праграмы ўкраінкі, якія атрымалі за свой выступ 95 балаў.

Менскае „Дынама” выйграла чацвёрты матч запар у футбольным чэмпіянаце Беларусі

Падначаленыя Леаніда Кучука ў матчы 9-га тура абыгралі на сваёй арэне аднаго з аўтсайдэраў турніру „Смаргонь” з лікам 2:0. На працягу ўсёй гульні дынамаўцы мелі вялікую перавагу і забілі па мячу ў кожным тайме. На 9-й хвіліне вызначыўся сенегальскі форвард Аблаеў Мбенг, а на 66-й хвіліне сустрэчы вынік падвёў Уладзіслаў Ложкін.

У першым паядынку дня мазырская „Славія” перамагла ў Магілёве дэбютанта вышэйшай лігі рэчыцкі „Спадарожнік” 2:0. Абодва мячы ў другім тайме гэтай сустрэчы забіў Сэдзі легіянер мазыранаў Фрэнсіс Нар. Першы гол атрымаўся асабліва эфектным: гулец „Славіі” ударыў з лініі штрафной у далёкую дзевятку.

„Дынама-БНТУ” прабілася ў 1/4 фіналу чэмпіянату Беларусі па міні-футболе

Спартоўцы мінскага „Дынама-БНТУ” сталі апошнімі ўдзельнікамі чвэрцьфінальнай стадыі чэмпіянату Беларусі па міні-футболе.

У трэцім, вырашальным паядынку серыі 1/8 фіналу дынамаўцы перамаглі ў Менску гасцей з „Ліды” з лікам 3:0. У першым матчы фіналу менчане разграмілі супернікаў дома 10:2, а на выездзе саступілі з сухім лікам 0:5. У чвэрцьфінале „Дынама-БНТУ” чакаюць сустрэчы з гомельскім БЧ.

Раней менскі „Дарожнік” двойчы упэўнена перайграў гарадзенскі клуб „УУС-Дынама” – 4:0 (дома) і 5:2 (у гасцях). У барацьбе за выхад у паўфінал падначаленыя Валерыя Дасько будуць супернічаць з дзеючым чэмпіёнам краіны аршанскім „ВітЭн”. У матчах рэгулярнага сезону аршанцы перамаглі ва ўсіх 22 праведзеных паядынках.

Спартоўцы „Менска” ў 1/8 фіналу былі мацнейшыя за светлагорскі ЦКК – 5:2 (у гасцях) і 3:2 (дома). У чвэрцьфінале мінчане сустрэнуцца з землякамі саз „Сталіцы”.

„Барысаў-900” двойчы перамог мінскую каманду „Ахова-Дынама” – 4:2 (дома) і 3:2 (у гасцях) і згуляе з гомельскім ВРЗ.

Іспанец Даніэль Гардо будзе новым настаўнікам гандбалістаў клуба „Мяшкоў Берасце”

У наступным сезоне галоўным трэнерам гандбалістаў клуба „Мяшкоў Берасце” стане іспанскі спецыяліст Даніэль Гардо.

Новы настаўнік зменіць на гэтай пасадзе свайго суайчынніка Рауля Алонса, які трэніраваў берасцейцаў з сакавіка 2019 года. Пасля заканчэння гэтага сезона ён вырашыў вярнуцца ў Нямеччыну, дзе жыве яго сям’я. Пад кіраўніцтвам Рауля Алонса „Мяшкоў Берасце” нязменна станавіўся чэмпіёнам Беларусі, а сёлета ўпершыню ў гісторыі прабіўся ў чвэрцьфінал галоўнага клубнага кантынентальнага турніру – Лігі чэмпіёнаў. Новаму трэнеру берасцейскай каманды 39 гадоў. Раней ён узначальваў іспанскія клубы „Адэмар” і „Нава”, а таксама „Торсхавн” з Фарэрскіх выспаў. Ён таксама трэніраваў нацыянальную зборную Бразіліі і працаваў у структуры гандбольнай федэрацыі Партугаліі.

Беларускае Радыё Рацыя