Валейбалісты зборнай Беларусі пацярпелі другую паразу на чэмпіянаце Еўропы



У паядынку дпугога тура групы С у Любліне падначаленыя Віктара Бекшы саступілі камандзе Расеі з лікам 1:3. Заўтра беларусы згуляюць з фінамі, а 16 верасня – са зборнай Паўночнай Македоніі. 17 верасня беларускія валейбалісты завершаць першы этап турніру сустрэчай з Турцыяй. Для мужчынскай зборнай Беларусі кантынентальны форум стаў трэцім у гісторыі. У 2013 і 2015 гадах каманда пад кіраўніцтвам расейскага спецыяліста Віктара Сідзельнікава не змагла пераадолець папярэдні групавы раўнд.

Барысевіч вярнулася ў «Мінчанку»

Валейбольны клуб «Мінчанка» абвясціў аб вяртанні ў свае шэрагі блакавальнай зборнай Беларусі Анжалікі Барысевіч. Барысевіч выступала ў «Мінчанцы» з 2014 года, за гэты час стаўшы адным з лідараў каманды. У мінулым сезоне валейбалістка паспрабавала свае сілы ў чэмпіянаце Італіі, пасля чаго вярнулася ў Беларусь. Зараз спартоўка, якая не прымала ўдзелу ў чэмпіянаце Еўропы-2019 з-за наступстваў траўмы, прыступіла да трэніровак у складзе сталічнага клуба.

У гэтым сезоне «Мінчанка» другі год запар выступіць у расейскай суперлізе. Сталічная каманда прадставіць Беларусь у Кубку ЕКВ, другім па значнасці міжнародным клубным турніры пад эгідай Еўрапейскай канфедэрацыі валейбола. Мінулы спаборніцкі год у суперлізе беларускі клуб завяршыў на 10-м месцы. У Лізе чэмпіёнаў падначаленыя Віктара Ганчарова не змаглі выйсці з групы, выйграўшы адзін матч. У першынстве Беларусі «Мінчанка» ў фінальнай серыі перамагла берасцейскае «Прыбужжа» і выйграла залатыя медалі чэмпіяната.

«Юнацтва» прайграла «Шахцёру» у другім матчы пад кіраўніцтвам Макрыцкага

Менскае «Юнацтва» пацярпела другую паразу запар у матчах чэмпіянату Беларусі, саступіўшы ў прынцыповай сустрэчы салігорскаму «Шахцёру» ў серыі булітаў з лікам 1:2. Пасля аплявухі ад дынамаўцаў з Маладзечна, якая сапсавала дэбют на трэнерскім мастку менчан Аляксандру Макрыцкаму, гульцы «Юнацтва» гарэлі жаданнем рэабілітавацца ў матчы з супернікамі з Салігорску. Але ў выніку лік адкрылі іх супернікі. Абаронца «гарнякоў» Сяргей Багалейша на 7-й хвіліне другога перыяду скарыстаўся пасам на пятак ад Рамана Крыкуненка. За сем хвілін да канца асноўнага часу матчу Яўген Нагачоў аднавіў раўнавагу ў ліку. Пасля гэтага каманды палічылі за лепшае не рызыкаваць, гуляючы практычна без кідкоў па брамцы. Дадатковы час прайшоў у цікавай барацьбе, але лёс сустрэчы вырашылі буліты. Перамогу «Шахцёру» ў серыі пасляматчавых кідкоў прынеслі Яўген Дадонаў, Аляксандр Жыдкіх і Андрэй Фяклістаў. Напярэдадні таксама прайшлі іншыя сустрэчы чэмпіянату Беларусі. Гарадзенскі «Нёман» разграміў у гасцях жлобінскі «Металург» з лікам 4:0 дзякуючы галам Ціма Хільтунена, Віктара Туркіна, Йёнаса Хурама і Арцёма Ляўшы. «Гомель» на хатняй арэне ўпэўнена разабраўся з «Лідай» 4:1, якая да гэтага часу не змагла перамагчы ў цяперашнім чэмпіянаце. Хакеісты «Магілёва» нанеслі адчувальны ўдар па амбіцыях лідараў чэмпіянату хакеістам «Дынама-Маладзечна», абыграўшы іх на родным лёдзе з лікам 4:0.

КХЛ аштрафавала Явенку

Абаронца менскага «Дынама» Алег Явенка, выдалены да канца гульні ў першым перыядзе матчу менчукоў з «Сібір’ю» за бойку, пакараны грашовым штрафам. Спартова-дысцыплінарны камітэт КХЛ разгледзеў эпізод з удзелам Явенкі. На падставе прадстаўленых матэрыялаў прынята рашэнне пакінуць без зменаў пакаранне, накладзенае на абаронцы менчукоў і падвергнуць грашоваму штрафу. Такім чынам, Явенка зможа прыняць удзел ужо ў нядзельным матчы «зуброў» супраць «Магніткі» 15 верасня.

«Ягелонія» ў большасці не змагла абыграць «Легію»

Беластоцкая «Ягелонія», гуляючы гадзіну ў большасці супраць варшаўскай «Легіі» пасля выдалення партугальскага абаронцы гасцей Луіша Рошы, не змагла забіць у браму саперніка пераможны гол. Сустрэча ў прысутнасці больш за 19 тысяч заўзятараў скончылася з лікам 0:0, а «Легія» нават у меньшасці магла вывезці перамогу з Беластоку. Яшчэ сёння каманда Ірэніўша Мамрота з 15-ю ачкамі мае першы радок у турнірнай табліцы, столькі ж набрала і «Легія», але мае гульню ў запасе, як і іншыя пераследнікі «Ягі».

Трухан стаў 5-м на юніёрскім чэмпіянаце Еўропы па дзюдо

Беларускі дзюдаіст Ягор Трухан у вагавай катэгорыі 73 кг стаў пятым на юніёрскім чэмпіянаце Еўропы па дзюдо, які праходзіць у Фінляндыі. Беларус у вырашальным паядынку за бронзавую ўзнагароду прайграў расейскаму атлету Махмадбеку Махмадбекаву. Беларускі Вікторыя Новікава і Жанна Асіповіч (абедзве ў вазе 70 кг) прайгралі стартавыя паядынкі і выбылі з гонкі за медалі.

У фінале чэмпіяната свету па баскетболе згуляюць аргентынцы і іспанцы

Аргентынскія баскетбалісты выйшлі ў фінал чэмпіянату свету, які завяршаецца ў Кітаі. Аргентынцы ў паўфінале перамаглі супернікаў з Францыі з лікам 80:66. У першым паўфінале іспанцы адолелі ў другім авертайме каманду Аўстраліі з лікам 95:88. Такім чынам, заўтра ў Пекіне ў фінальным паядынку за чэмпіёнскі тытул сустрэнуцца зборныя Іспаніі і Аргенціны, а няўдачнікі паўфінальных матчаў паспрачаюцца за бронзавыя ўзнагароды.

Беларускае Радыё Рацыя