Валейбалісты зборнай Беларусі завяршылі барацьбу на ЧЕ



Валейбалісты зборнай Беларусі саступілі камандзе Балгарыі з лікам 1:3 і завяршылі барацьбу на чэмпіянаце Еўропы. Самым выніковым у беларусаў стаў Уладзіслаў Бабкевіч, які набраў 11 ачкоў. Падначаленыя Віктара Бекшы занялі пятае месца ў групе і не змогуць працягнуць барацьбу за медалі кантынентальнага форуму. Па ходу групавой стадыі яны абыгралі каманды Чэхіі 3:1 і Чарнагорыі 3:0, пацярпеўшы паразы ад валейбалістаў Італіі, Славеніі.

 

Арына Сабаленка не змагла прабіцца ў фінал US Open

Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка не здолела прабіцца ў фінал адкрытага чэмпіянату ЗША. Мінулай ноччу ў паўфінале другая ракетка свету сустракалася з прадстаўніцай Канады Лейлай Фернандэс, у якой 73-я пазіцыя ў рэйтынгу WTA, і за дзве з паловай гадзіны саступіла ў трохсэтавым паядынку – 6:7 (3:7), 6:4, 4:6. У вырашальным матчы 19-гадовая канадская тэнісістка сустрэнецца з 18-гадовай брытанкай Эмай Радукану, якая прабілася ў асноўную сетку US Open праз кваліфікацыю.

 

Беларусы перамаглі іспанцаў у Суперфінале Еўралігі па пляжным футболе

Зборная Беларусі па пляжным футболе пераможна стартавала ў Суперфінале Еўралігі, які праходзіць у партугальскім горадзе Фігейра-так-Фош. У першым паядынку папярэдняй групы В беларусы ўпэўнена абыгралі адну з наймацнейшых каманд свету, зборную Іспаніі, з сухім лікам 4:0. Дубль ў гэтай сустрэчы аформіў Анатоль Рабко, яшчэ па мячу забілі Яўген Новікаў і Арцемій Дрозд. Сёння беларуская каманда сустрэнецца з дзеючымі чэмпіёнамі свету расейцамі, якія разграмілі палякаў 7:2.

 

Максім Недасекаў заняў чацвёртае месца ў скачках у вышыню на этапе „Брыльянтавай лігі”

Беларус Максім Недасекаў заняў чацвёртае месца ў скачках у вышыню на этапе „Брыльянтавай лігі” ў швейцарскім Цюрыху. Ён паказаў вынік 2 метры 27 сантыметраў. Пераможцам жа стаў італьянец Джанмарка Тамберы – 2 метры 34 сантыметры. Скакуха з шастом Ірына Жук заняла 5-е месца. Вынік беларускі – 4 метры 47 сантыметраў.

 

„Нёман” на сваёй пляцоўцы па булітах саступіў „Юнацтву

У чарговым матчы чэмпіянату Беларусі „Нёман” на сваёй пляцоўцы па булітах саступіў сталічнаму „Юнацтву„. „Нёман” першым адкрыў лік намаганнямі Ажгірэя, а „Юнацтва” ледзь не перавярнула матч у канцоўцы другога перыяду. На 39-й хвіліне кур’ёзную шайбу закінуў Дастанка, якому дапамог рыкашэт, а за 4 секунды да сірэны менчане атрымалі права на буліт, аднак Гайнедзінаў не перайграў Малюціна. Затое ў серыі булітаў хакеісты сталічнай каманды былі ідэальныя: усё той жа Гайнедзінаў, а таксама Кітараў і Арсенюк свае спробы выканалі выдатна, «Нёман» жа адказаў толькі дакладным кідком Зацэпіліна. „Юнацтва” набірае яшчэ два балы і падымаецца на другое месца ў турнірнай табліцы – наперадзе таксама з сямю ачкамі, але лепшай розніцай шайбаў толькі „Хімік”. У суботу дзеючыя чэмпіёны зноў згуляюць у Гародні з „Нёманам”. Акрамя таго, адбыліся яшчэ два паядынкі. „Брэст” саступіў „Шахцёру” – 0:2, а „Ліда” святкавала перамогу над „Дынама-Маладэчна”  5:2.

 

Зборная Беларусі, хутчэй за ўсё, правядзе ў Казані матч супраць чэхаў

Матч адборавага турніру чэмпіянату свету-2022 паміж зборнымі Беларусі і Чэхіі можа адбыцца ў Казані. Па інфармацыі „БІЗНЕС Online”, верагоднасць гэтага складае 90 адсоткаў. Беларуская зборная не можа праводзіць гульні на хатніх стадыёнах з-за патрабаванняў УЕФА па арганізацыі прамога авіярэйса да месца правядзення матчу. Зараз арганізацыя такога пералёту немагчымая пасля скандальнай пасадкі ў Менску рэйса RyanAir.

 

У турніры па вольнай барацьбе на прызы Мядзведзя возьмуць удзел атлеты з 9 краін

Удзел у 50-м турніры па вольнай барацьбе сярод мужчын і жанчын на прызы трохразовага алімпійскага чэмпіёна Аляксандра Мядзведзя, які пройдзе ў гэтыя дні ў менскай „Чыжоўка-Арэне”, прымуць атлеты з дзевяці краін. Акрамя беларусаў выступяць вольнікі Грузіі, Ірана, Казахстана, Расеі, Славакіі, Таджыкістана, Узбекістана і Украіны. Старшыня Беларускай федэрацыі барацьбы Алім Селімаў адзначыў, што колькасць зборных, якія прыехалі ў Менск для ўдзелу ў спаборніцтвах, магла быць і большай, аднак у планы ўмяшалася пандэмія каронавіруса.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя