Валер Гарбачык – найлепшы гулец 7-га тура футбольнага чэмпіянату Беларусі
Форвард жодзінскага „Тарпеда-БелАЗа” Валер Гарбачык прызнаны найлепшым гульцом 7-га тура футбольнага чэмпіянату Беларусі па версіі асацыяцыі „Беларуская федэрацыя футбола”. У пераможным паядынку 7-га тура ў гасцях у „Мінска”, які завяршыўся з лікам 5:2, Валер Гарбачык аформіў хет-трык, стаўшы адным з лідараў бамбардзірскай гонкі нацыянальнага першынства. У папярэднім туры лепшым гульцом стаў паўабаронца менскага „Дынама” Іван Бахар. Раней лепшымі прызнаваліся галкіпер Дзяніс Панкратаў са „Слуцка”, паўабаронца Габрыэль Рамас з „Тарпеда-БелАЗ”, форвард Мікіта Мельнікаў, галкіпер Міхаіл Бараноўскі з мазырскай „Славіі”, а таксама форвард Джасурбек Яхшыбоеў са сталічнага „Энергетыка-БДУ”. Матчы 8-га тура чэмпіянату Беларусі запланаваны на 9-11 траўня.
Па выніках чэмпіянату Беларусі па цяжкай атлетыцы вызначыцца склад на Чэмпіянат Еўропы
Па выніках чэмпіянату Беларусі па цяжкай атлетыцы вызначыцца склад на кантынентальны форум, які пройдзе восенню ў Маскве. Аб гэтым БЕЛТА расказаў старшы трэнер мужчынскай нацыянальнай каманды па цяжкай атлетыцы заслужаны трэнер Беларусі Міхаіл Саладар.
„Актыўна трэніруемся, нядаўна правялі спаборніцтвы ў „Стайках”. У іх удзельнічала ўся зборная каманда. Восенню чакаюцца міжнародныя спаборніцтвы, у тым ліку і чэмпіянат Еўропы, трэба рыхтавацца, – сказаў Міхаіл Саладар. Старэйшы трэнер таксама адзначыў, што многія спартоўцы палепшылі свае вынікі, а лідары настроены на барацьбу за права трапіць на Гульні ў Токіо. Паводле яго слоў, ёсць пяць чалавек, якія прэтэндуюць на ўдзел у галоўным старце чатырохгоддзя.
Прэзідэнт УЕФА Александер Чэферын распавёў пра сітуацыю, якая склалася ў сусветным футболе з-за пандэміі каранавіруснай інфекцыі.
«Чалавецтва пераможа каронавірус. Мы ўбачылі, наколькі далікатны і ўразлівы наш свет, раз такая сітуацыя здолела яго цалкам дэстабілізаваць. Футбол створаны з пазітыўнай энергіі, і пакуль ён не вернецца ў людзей не будзе адчування, што ўсё ідзе нармальна. Футбол зменіцца, але толькі на кароткі час. Ён ужо перажываў войны і эпідэміі ў мінулым. Стары, добры футбол хутка вернецца. Мы б хацелі, каб яго вяртанне адбылося як мага хутчэй, але гэта перш за ўсё залежыць ад рашэнняў дзяржаўных органаў. Параўнальна хутка матчы вернуцца пры выкананні ўсіх медыцынскіх патрабаванняў і за зачыненымі дзвярыма. Вырашае не спорт, а палітыка», – падагульніў Прэзідэнт УЕФА Александер Чэферын.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя