Валерый Ісаеў: Ад лозунгаў выніку не будзе
Футбольны агент Валерый Ісаеў пракаментаваў правальны дэбют зборнай Беларусі па футболе пад кіраўніцтвам новага галоўнага трэнера.
Нагадаем, 4 снежня 2014 года рашэннем выканкама Беларускай федэрацыі футбола на пасаду галоўнага трэнера нацыянальнай каманды быў прызначаны 41-гадовы Аляксандр Хацкевіч. Пасада была вакантнай некалькі месяцаў – з таго часу, калі пайшоў у адстаўку Георгій Кандрацьеў. Георгій Пятровіч за “няўдалае выступленне зборнай” атрымаў па поўнай праграме – не крытыкаваў толькі лянівы.
Амаль праз два гады датэрмінова папрасілі вызваліць месца ўжо і Хацкевіча – “у сувязі з нездавальняючымі вынікамі каманды на восеньскім адрэзку адбору да чэмпіянату свету-2018”.
Працяглыя роздумы федэрацыі адносна новай кандыдатуры на гэтае “гіблае месца” завяршыліся нечаканым выбарам – на пасаду галоўнага трэнера быў прызначаны айчынны спецыяліст Ігар Крывушэнка, які пагадзіўся працаваць настаўнікам зборнай пры ўмове, што застанецца кіраваць і жодзінскай камандай “Тарпеда-БелАЗ”.
І вось – дэбют каманды Крывушэнкі. Два матчы – дзве аплявухі. У першай адборачнай гульні да чэмпіянату свету беларуская зборная прайграла шведам (0:4), у таварыскім матчы – македонцам (0:3).
“Нейкі злы лёс пераследуе”, – з сумам абвясціў затым настаўнік беларускіх футбалістаў.
Валерый Ісаеў: Дэбют і насамрэч правальны, але зараз не трэба істэрыі. А то, калі пачытаеш некаторых крытыкаў, то складваецца ўражанне, што мы ўжо ў вайну з кімсці ўступілі, трэба ствараць камітэты па абароне беларускага футбола і прызначаць упаўнаважаных, якія кіравалі б гэтай абаронай. Але, як мне падаецца, лепш сцішыць эмоцыі, спакойна разабраць сітуацыю і вызначыць, што трэба зрабіць, каб яе змяніць. І найперш гэтым павінны заняцца ўжо прызначаныя “ўпаўнаважаныя” – адказныя супрацоўнікі Федэрацыі футбола.
РР: Але чаму, як кажа Крывушэнка, нашу каманду пераследуе “злы лёс”?
Валерый Ісаеў: Я не наракаў бы на лёс, а лепш паглядзеў, колькі ў нас у краіне футбольных палёў у рэгіёнах, як працуюць дзіцячыя трэнеры і якія ў іх заробкі. А любяць ставіць высокія задачы – у кагосьці выйграць, кудысьці патрапіць… Ад лозунгаў выніку не будзе. Напрыклад, я бачу, што з рэзервам у нас сёння не катастрафічная сітуацыя, але гэты рэзерв пакуль не можа гуляць на ўзроўні нацыянальнай зборнай. Гэта рэальнасць – давайце з гэтым жыць. І думаць: чаму ў рэгіёнах у нас футбольных палёў так мала? І чаму дзіцячыя трэнеры футбольныя мячы перашываюць? Таму будучае зборнай залежыць ад таго, наколькі мы гатовы самі сабе задаць пытанне: што сёння рэальна адбываецца з беларускім футболам?
РР: Некаторыя балельшчыкі на форумах выказваюць меркаванне, што футбалістам не хапае патрыятызму. Маўляў, абыякава ставяцца да выступленняў за нацыянальную каманду…
Валерый Ісаеў: Ізноў-такі – не трэба кідацца гучнымі фразамі пра патрыятызм. Не думаю, што хтосьці выходзіць на поле, каб проста “адбыць нумар”. Іншая справа, што трэба казаць пра тое, што да пачатку сезона асобныя ігракі падышлі непрафесійна ў першую чаргу да сябе.
РР: Зараз новаму галоўнаму трэнеру зборнай не пазайздросціш, ці не так?
Валерый Ісаеў: Не варта кідаць у трэнера камяні, але я супраць сумяшчэння Ігарам Крывушэнкам дзвюх пасад у клубе і ў зборнай. Як кажуць, трэба, каб мухі былі асобна, катлеты – асобна.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя