Валерый Мельнікаў: БАТЭ ёсць час зрабіць высновы



Чэмпіён СССР 1982 году ў складзе футбольнага менскага “Дынама” Валерый Мельнікаў пракаментаваў выступленні беларускіх каманд у еўракубках.

Нагадаем, учора жодзінскае “Тарпеда-БелАЗ” і менскае “Дынама”, прайграўшы суадносна венскаму “Рапіду” і сербскай “Вайводзіне”, спынілі свой далейшы ўдзел ў Лізе Еўропы. Барысаўскі БАТЭ “праляцеў” міма Лігі чэмпіёнаў, але працягне барацьбу ў Лізе Еўропы. У плэй-оф барысаўчане згуляюць з “Астаной” з Казахстана.

Валерый Мельнікаў: Менскае “Дынама” шкада, але зараз каманда ўжо не тая, што год таму. Праходзяць нейкія перабудовы ўнутры каманды, усё гэта адбіваецца. А вось у жодзінцаў, на мой погляд, першапачаткова практычна не было шанцаў перамагчы па выніку двух матчаў “Рапід”. Гэта класная каманда, а таму “Тарпеда” няхай за шчасце прыме і дамашнюю нічыю. Давайце будзем шчырыя – узровень у каманд розны. Мне ўвогуле падаецца, што аўстрыякі ў першым матчы недаацанілі беларускую каманду, дзейнічалі  крыху не ў сваім стылі. Гэдак жа, як у свой час і італьянская “Рома” на групавым этапе Лігі чэмпіёнаў, напэўна, вырашыла закідаць шапкамі барысаўскі БАТЭ, выйграць “на дурня”, а ў выніку прайграла – 2:3. У такіх турнірах недаацэнкі быць не павінна.

РР: А зараз БАТЭ недаацаніў у кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў ірландскі “Дандолк”…

Валерый Мельнікаў: Тое, як згулялі барысаўчане ў матчы ў адказ, – гэта проста сорам. Вы паглядзіце, як ірландцы на чэмпіянаце Еўропы гулялі. Не разумею, як можна было раней часу ўзлазіць на Алімп? Адчулі сябе безумоўнымі фаварытамі і атрымалі тое, што атрымалі. 

РР: У плэй-оф Лігі Еўропы БАТЭ згуляе з “Астаной” з Казахстна. Як вам сапернік?

Валерый Мельнікаў: З тых каманд, якія маглі патрапіць на БАТЭ (партугальская “Арока”, турэцкі “Асманлыспор”, харвацкі “Лакаматыва”, славацкі “Трэнчын” і “Астана” з Казахстана – Аўт.) казахі для барысаўчан, скажам так, самы нязручны сапернік. Гэта прыстойная каманда з моцнай лініяй атакі, якая таксама выступала ў групавым этапе Лігі чэмпіёнаў. У Казахстане ўвогуле футбол развіваецца даволі добрымі тэмпамі. Дарэчы, успомнім, што некалькі гадоў таму ў кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў барысаўчане прайгралі клубу з Казахстана – карагандзінскаму “Шахцёру”. Ёсць сэнс і час зрабіць высновы.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя