Валерый Мельнікаў: Берасцейскаму “Дынама” да золата – рукой падаць



Чэмпіён СССР 1982 года ў складзе футбольнага менскага “Дынама” Валерый Мельнікаў прааналізаваў шанцы на тое, што ў першынстве можа з’явіцца новы пераможца.

Апошнія 13 год чэмпіёнам Беларусі станавіўся барысаўскі БАТЭ, але зараз слаўная традыцыя для барысаўскага клуба можа закончыцца. За шэсць тураў да заканчэння нацыянальнага першынства на першым месцы ўпэўнена ідзе берасцейскае “Дынама”, якое апярэджвае салігорскі “Шахцёр” на 4 ачкі, і БАТЭ – на 5 ачкоў.

Валерый Мельнікаў: Не скажу, што барысаўскі БАТЭ вельмі змяніўся ў гэтым годзе, але, калі раней гаворка ішла пра чарговае чэмпіёнства барысаўчан, то практычна заўсёды ўзнікала пытанне: гэта БАТЭ такі моцны ці супернікі такія слабыя? Адным словам, нават калі барысаўская каманда недзе буксавала, то тое ж самае здаралася і з асноўнымі канкурэнтамі.

Але зараз, пасля прыходу ў берасцейскае “Дынама” інвестараў, для БАТЭ з’явіўся канкурэнт, які рэальна складае канкурэнцыю ў барацьбе за золата. Больш за тое, як мне падаецца, да золата Берасцю наогул – рукой падаць. З кім гуляюць берасцейцы ў матчах, што засталіся? Са “Слуцкам”, “Гомелем”, “Іслаччу”, “Віцебскам”, “Шахцёрам” і менскім “Дынама”. Мяркую, менавіта апошнія два матчы і будуць тэстам для берасцейскай каманды на тое, ці гатовы яны да чэмпіёнства.

РР: Менскае “Дынама” ў барацьбу за медалі ўжо не ўпісваецца?

Валерый Мельнікаў: На жаль, гэта ўжо практычна немагчыма, так што дынамаўцы могуць гэты сезон лічыць праваленым. І не іх віна ў гэтым, бо ўжо шмат казалі, як з-за фінансавых разборак калашмаціла каманду на пачатку сезона. Не ведаю, якія перспектывы ў сталічнага “Дынама”, але не хацелася б, каб каманда пераўтварылася ў сярэдняка.

А медалі ў гэтым першынстве разыграюць тры каманды – берасцейскае “Дынама”, “Шахцёр” і БАТЭ. Таксама цікавая інгтрыга.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя