Валерый Мельнікаў: Да чэмпіяната Еўропы мы пакуль не дараслі
Чэмпіён Савецкага Саюза ў складзе менскага “Дынама” 1982 года Валерый Мельнікаў падводзіць вынікі мінулага футбольнага сезона і робіць прагноз на наступны.
Валерый Мельнікаў: Апошні футбольны сезон быў адметны хаця б тым, што адбылася змена чэмпіёна. Пагадзімся, што заўзятарам надакучвае, калі сітуацыя застаецца закансерваванай на доўгія гады.
Што мы бачылі каля пятнаццаці гадоў? Чэмпіёнам быў барысаўскі БАТЭ, сярэбраныя і бронзавыя медалі звычайна дзялілі паміж сабой сталічнае “Дынама” і салігорскі “Шахцёр”. І вось гэтая прадказальнасць – яна проста забівала беларускі футбол і інтрыгу ў першынстве.
Некалькі гадоў таму ў вышэйшую лігу ўварваліся “Крумкачы” і гэта на час ускалыхнула заўзятараў, якія сталі падтрымліваць каманду шмат у чым таму, што яна выбівалася з шэрай масы астатніх. Але затым і “Крумкачоў” не стала. Рамантыкаў у нашым футболе не любяць, а зарабляць грошы на футболе ўладальнік “Крумкачоў” Дзяніс Шунто не ўмеў.
РР: Кіраўнік берасцейскага “Дынама” Аляксандр Зайцаў, якое выйграла ў гэтым сезоне першынство, відаць, ведае, як можна на футболе зарабляць…
Валерый Мельнікаў: Зайцаў – бізнесмен, ён умее лічыць грошы, але не думаю, што клуб прынясе яму вялікія дывідэнды. Выйграць беларускі чэмпіянат – гэта адно, а паказаць сябе ў еўрапейскіх турнірах, дзе якраз і можна добра зарабіць на перамогах, як гэта рабіў БАТЭ, зусім іншае.
З тым складам, што зараз ёсць у берасцейскага “Дынама”, у Лізе чэмпіёнаў ці Лізе Еўропы ім рабіць няма чаго. Максімум, чаго могуць дасягнуць берасцейцы, дык гэта прайсці некалькі кваліфікацыйных этапаў. Таму пабачым, што будзе далей. Энтузіязм Зайцава можа ў хуткім часе і згаснуць.
РР: Якія чаканні ад наступнага году?
Валерый Мельнікаў: Галоўнае чаканне – гэта, безумоўна, матчы плэй-оф нацыянальнай зборнай, якой прадастаўлены цудоўны шанц упершыню ў гісторыю патрапіць у фінальны этап чэмпіяната Еўропы і згуляць там з мэтрамі еўрапейскага футбола.
Ці рэальна гэта? Так. Але пры гэтым трэба разумець і прызнацца ў гэтым, што насамрэч да такога турніра мы яшчэ не дараслі. Не дацягваем па ўзроўні.
Таксама ў наступным годзе будзе цікава будзе сачыць і за чэмпіянатам краіны. Ці захавае “Дынама” свае пазіцыі? Ці пацвердзяць яны ў еўракубках, што іх поспех невыпадковы? Як БАТЭ будзе выглядаць з новым трэнерам? Ці ачомаецца менскае “Дынама” пасля таго, як змяніўся ўласнік клуба? Адным словам, цікавых падзей будзе шмат.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя