Валерый Мельнікаў: Для БАТЭ ў той дзень сышліся ўсе зоркі



Чэмпіён СССР 1982 года ў складзе менскага “Дынама” Валерый Мельнікаў пракаментаваў феерычную перамогу ў Лізе чэмпіёнаў барысаўскага БАТЭ над італьянскай “Ромай” (3:2).

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Валерый Мельнікаў: Як і для многіх іншых заўзятараў, для мяне асабіста гульня БАТЭ ў гэтым матчы і вынік сталі прыемнай нечаканасцю. Напэўна, у гэты дзень для барысаўчан сышліся ўсе зоркі. Па-першае, “Рома” прыехала ў Барысаў у не самым моцным складзе. Па-другое, вельмі няхайна правёў гэтую гульню польскі брамнік італьянскай каманды Войцех Шчэнсны. Па-трэцяе, напярэдадні гэтай сустрэчы “Рома” ў першынстве Італіі з буйным лікам выйграла ў “Карпі” – 5:1, а значыцца ў гульцоў прысутнічаў момант шапказакідальніцтва. Усё ж такі футбалісты “Ромы” недзе ў падсвядомасці былі ўпэўнены, што яны на галаву мацнейшыя за чэмпіёна з нейкага чэмпіянату Беларусі.

РР: У свой “Баварыя”, “Ліль” ды іншыя гранды сусветнага футбола таксама былі ўпэўнены…

Валерый Мельнікаў: Так, групавыя матчы Лігі чэмпіёнаў – гэта шанц для любой каманды. Няважна, які ў цябе рэйтынг, галоўнае – настрой у гэты час і ў гэтым месцы. Аднойчы менскаму “Дынама” прапанавалі правесці таварыскі мат з “Гомсельмашам”. Кожнаму гульцу паабяцалі па 100 рублёў прэміяльных. І што вы думалі? Настрой у гомельскай каманды быў такі, што мы 1:4 прайгралі. Вось і БАТЭ ў першым тайме на куражы за паўгадзіны забіў адразу тры галы. “Рома” позна схамянулася. Можа, і адыграліся б, але часу не хапіла.

РР: 20 кастрычніка БАТЭ згуляе на “Барысаў-Арэне” са славутай “Барселонай”. Магчыма, таксама варта чакаць для нас сенсацыі?

Валерый Мельнікаў: Я, безумоўна, аптыміст, але не настолькі. Хоць “Барса” будзе і без Месі, але адна з лепшых каманд свету проста абавязана будзе пацвярджаць свой высокі статус. Каталонцы ведаюць, што было з “Баварыяй” у Менску, самі ўжо гулялі з БАТЭ, так што для іх барысаўчане – не цёмны конік. Зрэшты, як кажуць, у жыцці заўсёды ёсць месца для подзвіга.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара