Валерый Мельнікаў: Футбалісты больш думаюць пра “лексусы”



Чэмпіён СССР 1982 году ў складзе менскага “Дынама” Валерый Мельнікаў распавядае пра змены ў кіраўніцтве сталічнага клуба, перспектывы зборнай і апетыты беларускіх футбалістаў.

Валерый Мельнікаў

РР: Учора генеральным дырэктарам менскага “Дынама” для многіх нечакана быў прызначаны двухраховы чэмпіён свету па грэка-рымскай барацьбе Алім Селімаў. На ваш погляд, ці мае сэнс прызначаць на такую пасаду чалавека, які далёкі ад футбола?

Валерый Мельнікаў: Па-першае, я ведаю Селімава, як вельмі прыстойнага чалавека. Разбярэцца і ў футболе пры жаданні. Там жа больш арганізатарскія здольнасці неабходныя. Тым больш, што ў структуры “Дынама” працуюць такія мэтры, як Эдуард Васільевіч Малафееў, Іван Іванавіч Савосцікаў. Яны дапамогуць, калі што. Але ў камандзе і насамрэч нешта трэба было змяняць. У мінулым годзе прывезлі ў “Дынама” двух замежных футбалістаў. Адзін за сезон адзначыўся, здаецца, адным голам, другі – двума. Таму селекцыянеру, які іх сюды прывёз, трэба вушы накруціць.

РР: Ці можа “Дынама” ў наступным сезоне скласці канкурэнцыю БАТЭ?

Валерый Мельнікаў: Безумоўна, але ўсё будзе залежыць ад таго, як умацуюцца, падрыхтуюцца каманды да новага чэмпіянату. У тым жа БАТЭ, наколькі вядома, праблемы ў абароне, бо інакш у еўракубках каманда па 6-х галоў не прапускала б. Зрэшты, гэта тычыцца і “Дынама”.

РР: Якімі вам бачацца перспектывы зборнай Беларусі, якую зараз узначаліў Аляксандр Хацкевіч?

Валерый Мельнікаў: Няхай на мяне ніхто не крыўдуе, але ў бліжэйшай будучыні я вялікіх перспектыў не бачу. Нікога не крытыкую, але маем тое, што маем. Сярэдні і ніжэйшы за сярэдні ўзровень футбалістаў. Я гляджу, што гульцы Люксембурга, Ліхтэнштэйна неяк змагаюцца, бяруць ачкі, б’юцца да апошняга… У нас такога запалу проста няма. Таму любому трэнеру ў працы з беларускай зборнай будзе вельмі няпроста. Патрэбна, каб у камандзе былі 3-4 лідары, вакол якіх можна было б сабраць калектыў, ад якіх можна было б адштурхнуцца. Дык жа няма. На ўсіх пазіцыях праблемы. І, ведаеце, у свой час мы, калі прайгравалі, на вуліцу не паказваліся. Сорамна было перад людзьмі. У вочы маглі плюнуць. А зараз каманда прайграла, а вечарам футбаліст ужо у начным клубе сядзіць, “стрэс здымае”. Сёння футбалісты больш думаюць пра “лексусы”, а не футбол. З расейскага чэмпіяната прыязджаюць у зборную і думаюць, каб толькі траўму не атрымаць, бо там жа асноўныя грошы. Нашто яму зборная?

РР: Былога настаўніка зборнай Георгія Кандрацьева шмат крытыкавалі за тое, што той у апошніх матчах не браў у склад Аляксандра Глеба…

Валерый Мельнікаў: Я ведаю сітуацыю, але не хачу выносіць, як кажуць, смецце з хаты. Адзначу толькі, што Аляксандру трэба папрацаваць над сваёй дысцыплінай. Аляксандр Паўлавіч Глеб – не Аляксандр Цімафеевіч Пракапенка, які ведаў, што, калі ён сёння пагуляе, то заўтра выйдзе на поле і выцісне з сябе ўсё дзеля каманды і заўзятараў. Так што Глебу трэба не крыўдаваць на Кандрацьева, а паглядзець на сябе ў люстэрка і сказаць сабе праўду.

РР: Кажуць, што Георгій Кандрацьеў дастаткова хваравіта ўспрыняў свой сыход з пасады настаўніка зборнай. Гэта так?

Валерый Мельнікаў: Безумоўна, на чалавека ж так накінуліся… Сэрца пасля ўсяго гэтага прыхапіла, у лякарні ляжаў, але зараз ужо адыйшоў. 7 студзеня, дарэчы, Георгію Кандрацьеву споўнілася 55 гадоў, на юбілей сабралася амаль уся наша “залатая” каманда, за выключэннем тых, хто далёка жыве і, натуральна, каго ўжо няма. Пятровічу жадалі паменш хваляванняў і пабольш здароўя…

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя