Валерый Мельнікаў: Футбол прадаюць за грошы
Чэмпіён СССР 1982 года ў складзе менскага “Дынама” Валерый Мельнікаў распавядае, чаму ў беларускім футболе з’явіліся дамоўныя матчы.
Учора ў судзе Першамайскага раёна сталіцы пачаўся разгляд справы аб дамоўных матчах, якія былі выяўлены ў беларускім футболе ў мінулым годзе.
Усяго ў справе фігуруюць больш за 20 чалавек, у спісе абвінавачаных – пятнаццаць.
Размова ідзе пра пяць дамоўных матчаў.
Валерый Мельнікаў: Увогуле, не бачу нічога незвычайнага ў тым, што і да беларускага футбола дайшла такая з’ява, як дамоўныя матчы. Гэта не навіна, тым больш, што яшчэ ў 2005 годзе ўзбуджалася крымінальная справа па факце дамоўных матчаў, у якой галоўным фігурантам быў былы брамнік зборнай Беларусі Валера Шанталосаў. Праўда, наколькі мне вядома, тады справу закрылі ў Расеі з-за сканчэння тэрміна даўніны. Сёння, калі ў краіне існуе афіцыйны таталізатар (букмекерскія канторы), дамоўныя матчы – гэта невядомая частка гэтай сістэмы. Я не кідаю камень у бок букмекераў, ад іх тут мала што залежыць. Але калі ёсць попыт, то некаму паступае і прапанова. Натуральна, што знаходзяцца тыя, хто арганізоўвае шэрыя схемы, і тыя, хто за грошы пагаджаецца на такія правілы гульні.
РР: Дамоўныя матчы для беларускага футбола – гэта больш выключэнне?
Валерый Мельнікаў: Так, у асноўным тут фігуруюць малавядомыя каманды і футбалісты. Каманды з нармальным бюджэтам і гульцы, якія атрымліваюць прыстойныя заробкі, не будуць пагаджацца на такія брудныя гульні. Можна больш згубіць, чым зарабіць. Але мне падаецца, што змагацца з гэтай з’явай будзе вельмі і вельмі складана. Справа ў тым, што найперш тут усё залежыць ад чалавечага фактара. А многія людзі па сваім характары слабыя. Футбалісту прапанавалі грошы – ён пагадзіўся, не вытрымаў спакусы. Хаця, натуральна, вельмі сумна, калі футбол прадаюць. І сорамна перад заўзятарамі.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя