Валерый Мельнікаў: Крыўдна за менскае «Дынама»
Усе прызёры чарговага чэмпіянату сталі вядомы за тур да фінішу. Золата ўпершыню ў гісторыі клуба ўзяло берасцейскае «Дынама», серабро – у барысаўскага БАТЭ, бронзавыя медалі заваяваў салігорскі «Шахцёр».
Валерый Мельнікаў: Шкада, што да гэтага часу – чэмпіёнства берасцейскага «Дынама» – не дажыў Васіль Іванавіч Курылаў, які ў свой час гуляў у Берасці. Ён і мяне вучыў любові да футбола і адданасці яму, гэта быў цудоўны футбаліст і чалавек. А «Дынама» стала чэмпіёнам абсалютна справядліва. Як бачым, калі ёсць грошы і правільная арганізацыя працы, то нічога немагчымага няма. Хаця, калі не будзе ўзмацнення складу, то ў Лізе чэмпіёнаў берасцейцам нічога не свеціць.
РР: Што можаце сказаць пра астатніх прызёраў?
Валерый Мельнікаў: Магчыма, гэта маё суб’ектыўнае меркаванне, але мне падаецца, што лепшыя гады ў БАТЭ ўжо прайшлі і далейшыя перспектывы будуць не самыя сонечныя. Усё-такі, галоўным рухавіком каманды быў Анатоль Капскі, а зараз я бачу, што новае кіраўніцтва робіць дастаткова памылак.
А вось у «Шахцёра» з’явіўся новы спецыяліст, таму, думаю, каманда здольная змагацца нават за золата. Крыўдна за менскае «Дынама», хаця добра яшчэ, што яны ў гэтым сезоне хаця б за чацвёртае месца зачапіліся. Каманда пераўтварылася ў звычайнага сярэднячка. Калі не з’явіцца сур’ёзны гаспадар, то рэгрэс працягнецца.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя