Валерый Мельнікаў: Не бачу канкурэнтаў для БАТЭ



Чэмпіён СССР 1982 года ў складзе менскага “Дынама” Валерый Мельнікаў падзяліўся ўражаннямі ад старту нацыянальнага першынства па футболе.

Валерый Мельнікаў: Што адразу кінулася ў вочы падчас матчаў прайшоўшага 1-га тура чэмпіянату, заўзятары па-ранейшаму не вельмі ахвотна ідуць на стадыёны, бо падчас некаторых гульняў іх і тысячы не назбіралася. Здавалася, над гэтай праблемай працавалі і федэрацыя, і клубы, а вынік не радуе. Можа быць, пакуль гэта можна спісаць на старт першынства, але  сітуацыя такая, якая ёсць. Нават у расейскім першынстве аматараў футбола на трыбунах у разы больш, чым у беларускім. Я ўжо не кажу пра бундэслігу альбо англійскую прэм’ер-лігу. Вось над гэтым пытаннем па ходу чэмпіянату трэба працаваць і працаваць.

РР: Калі вярнуцца да футбольных спраў. Дэбютант вышэйшай лігі – “Іслач” – перамагла наваполацкі “Нафтан”, “Крумкачы” згулялі ўнічыю з бабруйскай “Белшынай”… Атрымліваецца, што дэбютанты таксама не лыкам шытыя?

Валерый Мельнікаў: А чаму б і не? Сёння ў беларускім першынстве асобна стаіць хіба што барысаўскі БАТЭ, які апошнія 10 гадоў нязменна становіцца чэмпіёнам. Усе астатнія змагаюцца за “месцы пад сонцам”, і ў кожнага можна выйграваць.

РР: Ці будзе гэты чэмпіянат больш цікавым, чым папярэднія?

Валерый Мельнікаў: Хацелася б, каб была нейкая інтрыга, але, як ужо казаў, пакуль не бачу канкурэнтаў для БАТЭ.

РР: У чым іх моц?

Валерый Мельнікаў: У адладжанай сістэме. У іх добрая арганізацыя працэсу і галоўнае – гэта сапраўдны калектыў, які сваіх у складаны час ніколі не кіне. Мне імпануе яшчэ і той момант, што кіраўніцтва клуба шукае зорак не толькі за мяжой, але і ў Беларусі. Стараюцца самі зарабляць грошы. З барысаўчан павінны браць прыклад усе. А то ў нас усе прызвычаіліся, што даюць грошы з бюджэту – іграюць. Няма ў бюджэце фінансаў – капец камандзе. Паглядзеў, напрыклад, на гаротнікаў з берасцейскага “Дынама”, відаць, няпросты лёс іх чакае ў гэтым першынстве. Хоць бы берасцейскія мытнікі ўзялі каманду на баланс, можа б зайгралі…

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя