Валерый Мельнікаў: Радуюць і дэбютанты, і першынство
Чэмпіён СССР 1982 года ў складзе менскага «Дынама» Валерый Мельнікаў пракаментаваў вынікі 4-га тура чэмпіянату краіны па футболе і распавёў пра адметнасці гэтага чэмпіянату.
Валерый Мельнікаў: Згадзімся, што пасля чатырох тураў можна канстатаваць – гэтае першынство куды цікавейшае за папярэднія. Думаю, што матч БАТЭ – «Дынама» (Менск), які ў нядзелю завяршыўся ўнічыю – 3:3, па напружанасці і драматызму не саступаў асобным гульням англійскай прэм’ер-лігі ці бундэслігі. Клас гульцоў, можа быць, не дацягвае, але ж якая інтрыга была ў гульні?! Гэта заўсёды імпануе заўзятарам, а таму менавіта такія матчы і вабяць аматараў футболу на стадыёны.
РР: А як вам дэбютанты першынства? «Іслач» услед за БАТЭ знаходзіцца на 2-м месцы ў турнірнай табліцы, «Крумкачы» маюць роўную колькасць ачкоў з менскім «Дынамам» і займаюць 4-ты радок…
Валерый Мельнікаў: Мяне яны шчыра радуюць, і гэта яшчэ больш дадае прывабнасці першынству. Ведаю, што многія заўзятары падтрымліваюць дэбютантаў, бо тыя гуляюць, што называецца, за ідэю. Бюджэты ў іх зусім малыя, футбалісты б’юцца дакладна не за вялікія грошы, а, каб даказаць і сабе, і заўзятарам, што мы, маўляў, на нешта вартыя таксама. І паказваюць, і даказваюць! Я не ведаю, ці хопіць фізічных сілаў у дэбютантаў прайсці роўна ўвесь адрэзак першынства, але старт у іх вельмі прыстойны.
РР: Ці пойдуць заўзятары на стадыёны, калі такая атмасфера захаваецца і надалей?
Валерый Мельнікаў: Безумоўна, пойдуць. Галоўнае, каб такія матчы, як БАТЭ – «Дынама» былі больш правілам, чым выключэннем. А ўвогуле, тая ж «Іслач» паказвае, што пры граматным падыходзе аматара футбола можна зацікавіць не толькі футболам. У Маладэчне, дзе праводзіць дамашнія матчы «Іслач», напрыклад, дазволена піць піва, для дзяцей шмат усяго цікавага на стадыёне… Хто працуе, той нечага дасягне. А пад ляжачы камень вада не цячэ…
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя