Валерый Мельнікаў: Увесь свет развівае футбол
Чэмпіён СССР 1982 года ў складзе футбольнага менскага “Дынама” Валерый Мельнікаў распавядае пра каманды, якія яму спадабаліся на чэмпіянаце свету, што працягваецца ў Расеі.
Валерый Мельнікаў: З вялізным задавальненнем паглядзеў матчы Партугалія – Іран і Іспанія – Марока. Здымаю капялюш перад іранцамі і мараканцамі, якія прыемна здзівілі сваім характарам і добрай гульнёй. Іранцы наогул мелі магчымасць атрымаць перамогу над партугальцамі на апошніх секундах. Здавалася б, гэтыя каманды зараней лічыліся аўтсайдарамі, а на самой справе фаварыты ледзь выратаваліся. Зразумела, што вопытныя зборныя размяркоўваюць сілы на ўсё першынство, і са слабейшымі стараюцца не выкладвацца напоўніцу, але, як аказалася, для некаторых гэта магло скончыцца досыць дрэнна. Тая ж зборная Аргенціны выратавалася на апошніх хвілінах гульні з Нігерыяй, ды і немцы, як ужо казаў, хадзілі па краі прорвы.
РР: Гэта проста настрой слабейшых каманд ў патрэбны час праявіўся ці сёння яны падцягваюцца да фаварытаў?
Валерый Мельнікаў: Узровень многіх каманд расце, бо сёння ўвесь свет развівае футбол. Тая ж Іспанія яшчэ некалькі гадоў таму з лёгкасцю расправілася б над зборнай Марока, а зараз гэта ўжо праблема. Таму нікому нельга зняважліва ставіцца да больш слабых каманд на чэмпіянаце свету. За гэта могуць пакараць, і вельмі моцна.
РР: Як вам зборная Расеі на гэтым чэмпіянаце? Ёсць у іх шанцы ў супрацьстаянні з Іспаніяй у 1/8 фіналу?
Валерый Мельнікаў: Я наогул не разумею, чаму ў Расеі паднялі такі несусветны вэрхал з нагоды перамогі гаспадароў чэмпіянату над камандамі Егіпта і Саудаўскай Аравіі. Яшчэ раней было вядома, што ў расейцаў адна з самых слабых груп на першынстве. Пашанцавала. Ды і шмат шэнціла ім у тых дзвюх сустрэчах. А вось у матчы з Уругваем зборная Расеі “пасыпалася”, як пясок. Такое ўражанне, што ў іх і была задача выйграць першыя два матчы, і на гэтым усё.
Што ж датычыцца супрацьстаяння з іспанцамі, то апошнія, натуральна, фаварыты, хаця сённяшняя зборная Іспаніі мне не падабаецца. Здаецца, і зорных гульцоў хапае, а самой гульні не стае. Тая ж каманда Марока паказала, што сёння Іспанію можна перамагаць. Пытанне ў тым: ці хопіць у расейцаў здольнасцей выкарыстаць шанец?
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя