Валерый Мельнікаў: Вось з каго трэба браць прыклад беларусам!
Чэмпіён СССР 1982 году ў складзе футбольнага менскага “Дынама” Валерый Мельнікаў робіць прагнозы на чвэрцьфінальныя матчы ЕЎРА-2016.
Валерый Мельнікаў: Я, шчыра кажучы, у захапленні ад матча 1/8 фінала Англія-Ісландыя, у якім перамаглі ісландцы. А вось англічане наадварот – выклікаюць поўнае разачараванне. Той жа Руні, нягледзячы на свой зорны статус, абсалютна нічога не паказвае. У ісландцаў хачу адзначыць проста цудоўнейшую арганізацыю гульні. Абарона – проста супер! Калі б быў нейкі Універсітэт футбола, у якім бы выкладалі тэорыю, за ўзор абароны можна было бы узяць італьянскую ці ісландскую. Кожны футбаліст у зборнай Ісландыі ля сваіх варот ведае, дзе ён павінен знаходзіцца, два гульцы пастаянна страхуюць яшчэ аднаго, усе зоны перакрытыя. А яшчэ бачна, што каманда Ісландыі разам з заўязатарамі – адзін калектыў. Вось гэта – сапраўдныя патрыёты! Здаецца, колькі там той Ісландыі? Каля 330 тысяч насельніцтва. Тым больш, ісландскія гульцы зорак з неба не хапаюць, і кантракт таго ж Руні, можа быць, складае бюджэт усіх ісландскіх футбалістаў. Але ж бачым, што гэта ў некаторых выпадках не галоўнае. Вось з каго трэба браць прыклад беларусам!
РР: Які ваш прагноз на чвэрцьфінальныя матчы?
Валерый Мельнікаў: У матчы палякаў і партугальцаў я стаўлю на Польшчу. На гэтым першынстве зборная Партугаліі нічога асаблівага не паказвае – хіба што некаторыя хочуць паглядзець на самаўлюблёнага Раналду, які Еўра-2016 сабе ў залік ніяк не можа паставіць. Мне падаецца, што лідар польскай каманды Левандоўскі можа прынесці куды больш карысці для сваёй зборнай, чым Раналду.
У гульні Уэльса і Бельгіі, мяркую, пераможа Бельгія, але пры ўмове, што перакрыюць кісларод Гарэту Бэйлу, які можа даставіць непрыемнасці любому. Увогуле, бельгійцы, якія ў апошні час значна прагрэсуюць, могуць прэтэндаваць нават на “золата”.
Германія – Італія. Немцы – гэта, безумоўна, машына, якая набірае абароты, але мы бачым, што і італьянцы не падарунак. Мой прагноз – усё вырашыцца ў дадатковы час альбо ў серыі пенальці, а там цяжка сказаць, у каго нервы акажуцца больш моцнымі. Дарэчы, шкада, што сетка склалася такім чынам, бо гэты матч мог бы стаць і прыгожым фіналам.
Францыя – Ісландыя. За французаў будзе заўзець большасць стадыёна, але і тыя 30 тысяч ісландскіх заўзятараў, што прыехалі падтрымаць каманду ў Францыю, на мой погляд, стануць добрай дапамогай для гульцоў. Напэўна, шанцы ў каманд роўныя. А, калі ісландцы будуць паказваць і надалей той футбол, што мы бачылі да гэтага часу, то могуць учыніць яшчэ адну сенсацыю чэмпіяната.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя