Валерый Шарый: Дыскваліфікацыя спартоўцаў – парушэнне правоў чалавека
Славуты беларускі штангіст Валерый Шарый ацаніў выступленне беларускіх цяжкаатлетаў на Алімпіядзе ў Рыа, а таксама закрануў тэму допінга.
Учора беларускія цяжкаатлеты вярнуліся дадому з Бразіліі з двума медалямі – серабром Дар’і Навумавай і Вадзіма Стральцова. Гэта добрая навіна. Дрэнная – прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі цяжкай атлетыкі Тамаш Аян заявіў, што пасля Гульняў шэраг зборных (у тым ліку і зборная Беларусі) з-за антыдопінгавых парушэнняў будуць дыскваліфікаваныя на адзін год.
Валерый Шарый: Задачу наша каманда па цяжкай атлетыцы выканала – два медалі ёсць. Я б сказаў, што нават невялікі прагрэс ёсць, а значыцца не стаім на месцы.
РР: Вадзім Стральцоў застаўся незадаволеным серабром…
Валерый Шарый: А які салдат не марыць стаць генералам? Заўсёды хочацца быць першым, але ж вышэйшае п’едэстальнае месца адно, а прэтэндэнтаў на яго шмат. Што датычыцца Вадзіма, то, можа быць, старыя траўмы нагадалі пра сябе і не дазволілі заваяваць “золата”. Але ж сярэбраны медаль на Алімпіядзе – таксама нядрэнна.
РР: Зараз беларуская зборная будзе дыскваліфікавана на год. Як ацэньваеце такое рашэнне?
Валерый Шарый: Нічога добрага для каманды тут, натуральна, няма. Я не разумею, калі восем гаду таму былі адны правілы, а зараз іншыя. Давайце заўтра растрэл спартсменаў узаконім, таму ўсё гэта, на мой погляд, палітычны заказ. Так не павінна быць, гэта парушэнне правоў чалавека. Чаму за тое, што некалькі чалавек ужывалі допінг, павінна цярпець уся каманда? У кагосьці ёсць праблемы з допінгам – адхіляйце. “Чысты” спартсмен – няхай выступае. Чалавек можа толькі пачынае рабіць першыя крокі ў спорце, ні сном, ні духам пра допінг, а яму адразу ж крылы абразаюць.
РР: Для спартсменаў год без спаборніцтваў – гэта шмат?
Валерый Шарый: Безумоўна. Мяне самога ў свой час таксама на год дыскваліфікавалі, ведаю, што гэта такое. Маральна вельмі складана. Ды і без удзелу ў спаборніцтвах вопыт і практыка губляюцца. Гэта затым нічым не кампенсуеш.
РР: Але ж з допінгам змагацца нейкім чынам трэба…
Валерый Шарый: Дык няхай і змагаюцца з тымі, хто ўжывае допінг! Але ж зараз гэтая барацьба перарасла ў нейкія палітычныя інтрыгі.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота ogsport.ru