Валіец Лэдлі з-за Еўра перанёс сваё вяселле
Выходны на Еўрачэмпіянаце дазваляе спакойна падвесці вынікі чвэрцьфіналаў. У чатырох матчах гэтай стадыі было забіта 15 мячоў, што склала ўражальныя 3,75 за гульню. Аднак не будзем забывацца пра тое, што гэта найперш за кошт аднаго матчу – у сама фестывальнай сустрэчы Францыя-Ісляндыя галы фіксаваліся 7 разоў. Прыгадаем, што Уэльс упершыню ў сваёй гісторыі выйшаў у паўфінал. На рахунку Партугаліі ўдзел у фінале 2004 году, дзе пірэнейцы саступілі чэмпіёнскі тытул Грэцыі. Партугалія, дарэчы, была ў паўфінале і чатыры гады таму, так што гэта адна з сама стабільных дружынаў на Еўра. Што датычыць пары грандаў – Францыі і Нямеччыны, то немцы станавіліся чэмпіёнамі кантыненту 3 разы, а трохкаляровыя – двойчы.
Легендарны французскі трэнер Гі Ру выступіў з сенсацыйнай заявай. Ён сказаў, што паўабаронцу зборнай Партугаліі Рэната Санчэсу, ці Саншышу, як яго яшчэ называюць, насамрэч не 18 гадоў, а 23-24. На гэтым Еўра Саншыш ажно двойчы прызнаваўся лепшым футбалістам сустрэчы. А днямі хаўбек перайшоў з лісабонскай “Бенфікі” у мюнхенскую Баварыю за 35 мільёнаў еўра.
Паўабаронец зборнай Уэльса Джо Лэдлі перанёс сваё вяселле, якое было прызначана на 9-га ліпеня. Хаўбек упэўнены, што яго каманда праб’ецца ў фінал Еўра, які адбудзецца 10 ліпеня. Пра гэтую сітуацыю расказаў Гарэт Бэйл, адзін з лідараў дружыны Уэльса. Яшчэ раней іншы валійскі гулец Крыс Гантэр адмовіўся ад паездкі на вяселле брата. Ён выканае абавязкі шафера праз скайп. А вось трэнер “цмокаў” Крыс Коўлмэн, які давёў сваю зборную ўжо да паўфіналу, заявіў, што ён ніколі не захоча трэніраваць дружыну іншай краіны. Коўлмэн не бачыць сябе нават на чале зборнай Англіі. Нагадаем, што Коўлмэн стаў ля стырна галоўнай валійскай каманды ў 2012 годзе і вывеў яе на недасягальную вышыню. 58 гадоў Уэльс увогуле не выступаў на топ-турніры.
Вісэнтэ Дэль Боске афіцыйна пакінуў пост галоўнага трэнера зборнай Іспаніі. 65-гадовы заслужаны настаўнік працягне працу ў структуры федэрацыі сваёй краіны. Пра гэта заявіў Прэзідэнт Федэрацыі футбола Іспаніі Анхель Марыя Вільяр. Якую менавіта пасаду зойме Дэль Боске – стане ведама бліжэйшым часам.
Лідар зборнай Германіі Томас Мюллер, якому фатальна не шанцуе на чарговым Еўра ў кар’еры, заявіў, што ён не збіраецца некаторы час прабіваць пенальці. Немец заявіў:
Я ня буду біць пенальці ў гульнёвы час бліжэйшыя два тыдні. Буду працаваць над тэхнікай гэтага элементу нейкі час і вярнуся да выканання 11-мятровых праз 1-2 месяцы. Я зраблю крок назад і дам іншым іх выконваць. Калі ж матч скончыцца серыяй пасляматчавых пенальці і патрэбна будзе прабіць з кропкі, буду гатовы. Але я не буду прасіць даць мне прабіць. Я пастараюся забіць. Калі ж мы выйграем фінал, а я не заб’ю, канешне прэса не надзеліць мяне ўвагаю, але я ўсё роўна забяру трафей дахаты – так выславіўся Мюллер.
Лепшым пенальтыстам гэтага Еўра па-ранейшаму застаецца румын Богдан Станку, які паспяхова рэалізаваў 2 з 2 падыходаў да кропкі. У фінальных стадыях акрамя Станку такое ўдавалася яшчэ толькі чатыром майстрам: па 2 забітых пенальці на рахунку датчаніна Франка Арнесена, ангельца Алана Шырэра, іспанца Гаіскі Мендзьеты і француза Зінетдзіна Зідана. 3 11-мятровых на Еўра не прабіваў ніколі ніхто.
Першы паўфінальны матч Партугалія-Уэльс пройдзе ў сераду 6 ліпеня ў Ліёне.
Беларускае Радыё Рацыя