Валявая вікторыя беларусак



Жаночая зборная Беларусі на чэмпіянаце свету па баскетболе, што праходзіць у Турцыі, дамаглася неверагоднай вікторыі над кубінскай дружынай. Саступаючы за 3 хвіліны да фінальнай сірэны ажно 11 ачкоў, падапечныя Рымантаса Грыгаса, правялі эфектную канцоўку. У заключнай стадыі спярша надзвычай далёкі і трапны кідок удаўся Надзеі Дрозд. Дагэтуль у яе ніяк не ішлі трохачковыя спробы. Кубінкі яшчэ выйгравалі два ачкі і атрымалі права на штрафныя, аднак абодва не закінулі. Услед беларускам удалася атака і тая ж Дрозд, прайшоўшы некалькі суперніц, адпасавала мяч на перыметр Кацярыне Сныцінай – нападніца не схібіла – плюс адзін ужо на карысць Беларусі. У заключнай атацы кубінкі мелі 14 секунд, але беларускі надзейна абараняліся, а Алена Леўчанка, якая была бясспрэчна лепшай на пляцоўцы, здзейсніла свой 18-ы (!) падбор. У выніку валявая вікторыя 70:69. Найбольш выніковай стала Леўчанка – 20 ачкоў, 18 на рахунку Сныцінай, па 12 пунктаў набралі Тацяна Ліхтаровіч і Марыя Папова.

Напярэдадні каманда Беларусі абыграла дружыну Паўднёвай Карэі – 70:64. Такім чынам, дамогшыся дзвюх вікторый, беларускі забяспечылі сабе выхад у наступны раўнд турніру. Заключны матч папярэдняй стадыі ў групе “С” Беларусь згуляе 30 верасня з Аўстраліяй. Калі ёй прайграе, то ў накаўт-раўндзе сустрэнецца з трэцяй камандай квартэту “D”, дзе выступаюць Ангола, Кітай, ЗША і Сербія.

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя

фота www.pressball.by