„Вашынгтон” Протаса адолеў „Вегас”



У матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ „Вашынгтон” на сваім лёдзе абыграў „Вегас” з лікам 3:0. Шайбы закінулі Стром, Макмайкл і Малянстын. Беларускі нападнік «Кэпіталз» Аляксей Протас гуляў у трэцім звяне, з Макмайклам і Ошы. За 9 хвілін 41 секунду на лёдзе ён выканаў тры кідкі па брамцы, заблакаваў адзін кідок суперніка, здзейсніў адзін перахоп, адну страту, зарабіў паказчык карыснасці 0. Усяго ў цяперашнім чэмпіянаце Пратас правёў 13 матчаў і набраў у іх 4 (1+3) ачкі. У матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ „Манрэаль” саступіў „Калгары” — 1:2. У пераможцаў беларускі нападнік Ягор Шаранговіч гуляў у чацвёртым звяне. Правёў на пляцоўцы 10 хвілін 31 секунду, бамбардзірскімі баламі не разжыўся, запісаў у актыў 1 кідок і 1 блок, прайграў абодва ўкідванні, у якіх удзельнічаў, завяршыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці -1. Усяго ў сёлетнім чэмпіянаце Шаранговіч правёў 15 матчаў і набраў у іх 5 (2+3) ачкоў.

Янік Сінэр святкаваў другую вікторыю на выніковым турніры АТР

Італьянец Янік Сінэр святкаваў другую перамогу на групавым этапе выніковага турніру Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў (АТР) у Турыне. У матчы другога тура „зялёнай” групы Сінэр, які займае 4-е месца ў сусветным рэйтынгу, адолеў першую ракетку планеты серба Новака Джокавіча – 7:5, 6:7 (5:7), 7:6 (7:2). На старце спаборніцтваў Джокавіч перамог датчаніна Хольгера Рунэ, а Сінэр выйграў у грэка Стэфанаса Ціцыпаса. Затым Рунэ апынуўся мацнейшым за Цыцыпаса, які не змог працягнуць гульню ў пачатку першага сэта з-за траўмы і зняўся са спаборніцтваў. Яго заменіць польскі тэнісіст Хуберт Гуркач.

Галкіпер „Нафтана” Ігар Даўгяла завяршыў кар’еру, замяніўшыся на першай хвіліне матчу з „БАТЭ”

Сустрэча з барысаўскім БАТЭ ў рамках 28-га тура стала апошняй у гульнявой кар’еры галкіпера „Нафтана” Ігара Даўгялы. 38-гадовы брамнік быў заяўлены ў стартавым складзе, але згуляў усяго секунд 30, пасля чаго быў ганарова заменены. За сваю кар’еру Даўгяла выступаў за такія каманды як «Гарадзея», магілёўскі «Дняпро», «Полацк» ды іншыя. У 2012 годзе стаў уладальнікам Кубка Беларусі ў складзе „Нафтана”.

Баскетбалісты „Мінска” згуляюць з „Астанай” у Адзінай лізе ЗГБ

Баскетбалісты „Мінска” правядуць дзесяты паядынак у рэгулярным чэмпіянаце Адзінай лігі ВТБ. Пасля дзевяці паразаў запар каманда Расціслава Вергуна паспрабуе здабыць першую вікторыю ў гасцявым матчы з баскетбалістамі „Астаны”. Дружына са сталіцы Казахстана святкавала чатыры перамогі ў васьмі праведзеных сустрэчах.

У Мексіцы стартуе маладзёжны чэмпіянат свету па цяжкай атлетыцы з удзелам беларусаў

У Мексіканскай Гвадалахары стартуе маладзёжны чэмпіянат свету па цяжкай атлетыцы – 2023, удзел у якім прымуць беларускія спартоўцы. Спаборніцтвы сярод спартоўцаў не старэйшых за 20 гадоў адбудуцца з 15 па 23 лістапада. На турнір заяўлены пяцёра беларускіх атлетаў – адна дзяўчына і чацвёра хлопцаў. Першымі з нашых атлетаў за ўзнагароды маладзёжнага чэмпіянату свету будуць змагацца Ягор Грынько і Ягор Папоў – спаборніцтвы ў мужчынскай вагавай катэгорыі да 67 кг пройдуць у пятніцу. 18 лістапада на мексіканскі памост выйдзе Кацярына Якушава, якая выступае ў вазе да 64 кг. 20 лістапада на турніры выступіць Ігнат Паўлюкавец (вага да 89 кг), а 22 лістапада – Уладзіслаў Саковіч (вага да 109 кг). Усяго ўдзел у маладзёжным чэмпіянаце свету па цяжкай атлетыцы ў Гвадалахары прымуць 229 штангістаў з 44 краін, якія разыграюць медалі ў дваццаці вагавых катэгорыях.

Беларускае Радыё Рацыя