„Вашынгтон” з Авечкіным і Протасам пазбавіўся нават тэарэтычных шанцаў на выхад у плэй-оф
Мінулай ноччу „Вашынгтон” страціў апошнія шанцы на выхад у плэй-оф. Перамога „Фларыды” над „Бафала” пагасіла сталічную іскрынку надзеі.
„Вашынгтон” не згуляе ў плэй-оф упершыню з 2014 года. За мінулыя восем гадоў „сталічнікі” чатыры разы выходзілі ў другі кубкавы раўнд і аднойчы, у 2018 годзе, заваявалі Кубак Стэнлі.
„Нью-Джэрсі” пераканаўча разабраўся з „Піцбургам” 5:1. Першы хет-трык у прафесійнай кар’еры аформіў Доўсан Мерсэр. Беларускі нападнік „д’яблаў” Ягор Шаранговіч у заяўку на гульню не трапіў.
Сасновіч саступіла Кенін у першым крузе турніру ў Чарльстане
У перанесеным з-за дажджу матчы 1-га круга турніру катэгорыі ВТА-500 у Чарльстане 45-я ракетка свету беларуска Аляксандра Сасновіч не змагла адолець 164-ю ракетку Соф’ю Кенін — 1:6, 7:6 (5), 1:6. Паядынак, які расцягнуўся на два дні, працягваўся ў агульнай складанасці 2 гадзіны 18 хвілін. За гульню Сасновіч дапусціла 4 падвойныя памылкі (супраць 2 у суперніцы), выканала 8 эйсаў (супраць 2 у Кенін), рэалізавала 1 з 3 брэйк-пойнтаў (у амерыканкі — 5 з 15).
Брытанскія спартоўцы працягнуць байкот чэмпіянатаў свету па боксе з-за ўдзелу беларусаў і расейцаў
Баксёры з Вялікабрытаніі не выступяць на чэмпіянаце свету ў Ташкенце з-за допуску на спаборніцтвы беларускіх і расійскіх атлетаў пад нацыянальнымі флагамі, паведамляе Р-спорт.
Турнір пройдзе з 30 красавіка па 14 траўня ў Ташкенце. Раней прадстаўніцы Вялікабрытаніі байкатавалі жаночы планетарны форум, які прайшоў у Нью-Дэлі ў сакавіку. Беларуска Юлія Апанасовіч выйграла на гэтых стартах бронзу.
Прэзідэнт УЕФА Аляксандэр Чэферын пераабраны на чатырохгадовы тэрмін
Прэзідэнт Саюза еўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЕФА) Аляксандэр Чэферын перавыбраны на новы тэрмін. Выбары адбыліся на 47-м кангрэсе УЕФА, які праходзіць у Лісабоне. 55-гадовы функцыянер пераабраны на чатыры гады. Славенец быў адзіным кандыдатам. Чэферын узначальвае УЕФА з верасня 2016 года.
Месі прыняў прапанову ад „Аль-Хіляля” з заробкам у 400 мільёнаў еўра ў год
Нападнік „ПСЖ” Ліянэль Месі прыняў прапанову ад „Аль-Хіляля” з кантрактам на 400 мільёнаў еўра ў год. Саўдаўская каманда збіраецца падпісаць форварда на тры гады. Аргентынец ужо паведаміў блізкім сябрам і сям’і, што ён прыме прапанову „Аль-Хіляля”. Месі выступае за „ПСЖ” з лета 2021 года. Тэрмін яго кантракта з клубам разлічаны да чэрвеня. Партал Transfermarkt ацэньвае кошт гульца ў 45 мільёнаў еўра.
У гэтым сезоне 35-гадовы форвард правёў за „ПСЖ” 33 матчы, забіў 18 галоў і аддаў 17 выніковых перадач.
Беларускае Радыё Рацыя
