У Менску працягваюцца Еўрапейскія гульні
Беларускі велагоначнік Васіль Кірыенка заваяваў залаты медаль у індывідуальнай гонцы з раздзельным стартам на II Еўрапейскіх гульнях у Менску. Ён абараніў тытул, заваяваны на I Гульнях-2015 у Баку. Яшчэ адзін беларус Браніслаў Самойлаў заняў 15-е месца.
Беларуская раварыстка Алёна Амялюсік заняла 5-е месца ў індывідуальнай шашэйнай гонцы. Беларуска Таццяна Шаракова, якая заваявала бронзу ў групавой гонцы, замкнула першую дзясятку
„Шахцёр” развітаўся з паўабаронцам Дзмітрыем Ігнаценкам
30-гадовы паўабаронца Дзмітрый Ігнаценка растаўся з салігорскім „Шахцёрам”. Ігнаценка далучыўся да гарнякоў у гэтае міжсезонне, перайшоўшы з „Гарадзеі”, аднак правёў толькі адзін кубкавы матч супраць „Белшыны”.
Сяргей Сапега і Уладзімір Алістраў атрымалі запрашэнні ў лагер развіцця „Таронта”
Два беларусы – абаронца Сяргей Сапега і форвард Уладзімір Алістраў – запрошаныя ў лагер развіцця „Таронта”. Усяго ў спісе „кляновых лістоў” 36 гульцоў (18 форвардаў, 14 абаронцаў і 4 брамнікі). Адзначым таксама, што і Сапега, і Алістраў мелі шанцы быць абранымі на драфце НХЛ-2019, аднак, гэтага не адбылося.
Неймар згодны падпісаць кантракт з „Барселонай”, нават губляючы ў зарплаце
Нападнік „Пары Сен-Жэрмен” Неймар пагадзіўся на прапанаваны „Барселонай” пяцігадовы кантракт, па ўмовах якога паменшыцца яго заработная плата. Як паведамляе іспанскае выданне Sport, жаданне бразільца вярнуцца ў каталонскі клуб настолькі вялікае, што ён не ставіў клубу абсалютна ніякіх умоў. У „Пары Сен-Жэрмен” заработная плата Неймара складала 36,8 млн еўра за сезон, а „Барселона” будзе плаціць яму каля 24 млн.
Жаночая зборная Беларусі па хакеі на траве завяршыла выступленне ў алімпійскай кваліфікацыі
Жаночая зборная Беларусі па хакеі на траве завяршыла выступленне ў кваліфікацыі да летняй Алімпіяды 2020 года Токіо. У адборавым турніры ў Валенсіі падапечныя Хермана Круіса перамаглі Намібію (7: 0) і пацярпелі тры паразы, саступіўшы Іспаніі (2:8), Канадзе (0:3), у плэй-оф – Італіі (1:4). Зборная правядзе заключны матч у Валенсіі сёння за выніковую пятую пазіцыю з Уэльсам.
Алег Явенкa працягне кар’еру ў менскім „Дынама”
Беларускі абаронца Алег Явенка працягнуў кантракт з хакейным менскім „Дынама”. Новае пагадненне разлічана да канца сезона-2019/20. Таксама менскае „Дынама” заключыла аднагадовы кантракт з канадскім абаронцам Стэфанам Эліатам, вядомым у КХЛ па выступах за „Ак Барс”.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя