Васіль Панкоў: Расейцам не варта скардзіцца на люстэрка
Экс-хакеіст зборнай Беларусі па хакеі Васіль Панкоў пракаментаваў перамогу шведаў на чэмпіянаце свету і “пралёт” расіян у паўфінале.
Нагадаем, што ўчора ў фінале сусветнага хакейнага першынства зборная Швецыі па булітах перамагла каманду Канады.
Васіль Панкоў: І шведы, і канадцы выглядалі роўнымі камандамі, таму я не разумею тых, хто яшчэ да фінала чамусьці аддаваў перавагу зборнай Канадзе. Гульня паказала, што сапернікі мелі абсалютна аднолькавыя шанцы на перамогу. А тым больш, калі справа даходзіць да булітаў. Буліты – гэта ў пэўнай ступені латарэя. Там усё залежыць ад псіхалагічнага стану гульцоў, ад брамнікаў…І шведы ў гэтым кампаненце аказаліся больш пераканаўчымі.
РР: У паўфінальным матчы расейская каманда пасля дзвух перыядаў выйгравала ў канадцаў з лікам 2:0, а ў выніку прайграла – 2:4…
Васіль Панкоў: Расейцы павінны былі выйграваць, але “паплылі”. Трэба нармальна гуляць у хакей, а не ўтрымліваць лік. І выдаляцца не патрэбна. А ўвогуле, я не магу нават патлумачыць такі правал расейскай зборнай у трэцім перыядзе. Але канадскія прафесіяналы такіх памылак не даруюць.
РР: Некаторыя расейскія эксперты ўжо кажуць, што ў тым матчы суддзі дапамаглі канадцам выйграць. Ці маюць яны рацыю?
Васіль Панкоў: Ізноў пачынаюцца пошукі вінаватых… Піжоны! Калі выйграеце з лікам 2:0 у 3-м перыядзе, то гэта выйгрышны матч. Калі ў паўфінале прайграеце апошні перыяд з лікам 0:4, то шчыра прызнайцеся, што гэта – поўны правал. І не шукайце вінаватых, на люстэрка тут не варта скардзіцца.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя