Важкае слова фаварытаў Еўра
Тры нядзельныя матчы 1/8-й фіналу на Еўра прайшлі куды весялей і выніковей суботніх. Ва ўсіх сустрэчах верх узялі фаварыты. Каманды Ірляндыі, Славаччыны і Венгрыі пакідаюць турнір.
Першымі на стадыён у Ліёне выйшлі зборныя Францыі і Ірляндыі. Ужо на 2-й хвіліне гульні на “трохкаляровых” нібы вылілі цэбар халоднай вады. Поль Пагба заваліў у сваёй штрафной суперніка і італійскі рэферы Рыцолі прызначыў пенальці. Робі Брэйдзі, узяўшы ў саюзнікі штангу, з кропкі перайграў Уга Льёрыса. Такі пачатак відавочна збянтэжыў гаспадароў першынства і яны не адразу дайшлі да сябе. Футбалісты абедзвюх дружынаў змагаліся нібы гладыятары, следствам чаго сталі частыя спыненні гульні. Перыядычныя ж наскокі на чужыя ўладанні ўпэўнена глушылі галкіперы.
У другім тайме ірляндцы наступілі на старыя граблі, стаўшы дзеіць празмерна асцярожна і зберагаць сваю хісткую перавагу. Літаральна за пяць хвілін сюжэт паядынку перавярнуўся карэнным чынам. У ролі ліёнскага ката выступіў Антуан Грызман. Спярша ён скаардынаваўся ў паветры і галавой праштампаваў свой голавы поспех. Абарона кельтаў рассыпалася як канструкцыя з даміно і праз чатыры хвіліны той жа Грызман зноў салютаваў трыбунам. Але бяда не прыходзіць адна, яна прыляцела нават трыплетам. Не, Грызман не здзейсніў хет-трык, але менавіта на ім зарабіў чырвоную картку Шэйн Дафі. Інтрыга зыходу фактычна згасла.
Францыя-Ірляндыя-2:1 (Антуан Грызман, 57, 61; Робі Брэйдзі, 2, з пенальці).
Славакі з першых хвілінаў занадта пакорліва аддалі цэнтр лільскага поля нямецкай бундэсманшафт. Гэта прадказальна прывяло да імклівага бамбардавання брамы Козачэка. Экспрэс-гол здарыўся абсалютна лагічна – Жэром Баатэнг згуляў на падборы і ўдарам з-за межаў штрафной з дапамогай яшчэ рыкашэту прашыў славацкую абарону. Гэты мяч нагадаў гол харвата Модрыча ў браму Турцыі. На 14-й хвіліне ўсё магло быць кончана – Марцін Шкртэл прытрымаў Марыё Гомеса за кашульку, а польскі арбітр паказаў яму жоўтую картку і прызначыў спрэчны пенальці. Аднак Матуш Козачык гераічна парыраваў неблагі стрэл Месута Озіла. Далей немцы дзеілі на расслабоне, Але як толькі славакі агрызнуліся – галавой біў Куцка – Нойер не праспаў момант, адразу страпянуліся самы. Той жа Куцка ўпусціў апанента на правым фланзе абароны і Марыё Гомес спакойна замкнуў прастрэл Дракслера – 2:0. Партыя была зроблена і пасля перапынку чэмпіёны свету рэзонна пераключыліся на ашчадны рэжым. Аднак гэта не перашкодзіла амбітнаму левафлановаму Юліяну Дракслеру запісаць на свой баланс першы гол на Еўра, пры тым ніхто не замінаў паўабаронцу “Вольфсбурга”. Яўхім Лёў урэшце даў паспрабаваць якасць мясцовай травы і Лукашу Падольскаму. Славакі, на жаль, не здолелі даць належны бой бундэстым.
Нямеччына-Славаччына-3:0 (Жэром Баатэнг, 8, Марыё Гомес, 43, Юліан Дракслер, 63).
Бельгійцы мелі ў першым тайме каласальную перавагу над венграмі. Але матэрыялізавалі яе толькі раз. Гэта ўлюбёнец усіх каментатараў абаронец Тобі Алдэрвейрэлд галавой эфектна пераправіў мяч у сетку. Яшчэ ў шэрагу эпізодаў бліскуча на браме адбіваўся герой сучаснага футбольнага эпасу Габар Кірай. Бельгійцы і самы транжырылі моманты з рэдкай паслядоўнасцю.
Да гонару мадзьяраў, яны не здаліся на літасць першай каманды рэйтынгу ФІФА, у другім тайме каманда Венгрыі імкнулася атакаваць, але прапусціўшы контрвыпад, зусім развалілася ў абароне. У выніку мадзьяры пацярпелі жорсткае фіяска.
Венгрыя-Бельгія-0:4 (Тобі Алдэрвейрэлд, 10, Мішы Бачуайі, 78, Эдэн Азар, 79, Янік Ферэйра Караска, 90).
Стала вядомай яшчэ адна чвэрцьфінальная пара – Уэльс-Бельгія.
У панядзелак вызначацца апошнія ўладальнікі пропускаў у ¼ фіналу. А 19-й беларускага часу на поле Сэн-Дэні стартуе знакавая бітва даўніх супернікаў, фіналістаў мінулага Еўра – Іспаніі і Італіі. Паміж сабой гранды сустракаліся ажно 35 разоў, апенінцы перамагалі 10 разоў, пірэнейцы – 11. Ці зможа “чырвоная фурыя” прымусіць капітуляваць непрабівальнага Джанлуіджы Буфона, і якімі сродкамі аўтарская каманда Антоніё Контэ памкнецца ўзяць рэванш за паразу ў кіеўскім фінале чатыры гады таму – пытанні, на якія атрымаем адказы ўвечары.
Апошнімі ў Ніццы адстраляюцца ангельцы з ісляндцамі. Гісторыя іх сустрэч сціплая – толькі два спатканні, у якіх аднак было забіта ажно 9 галоў, брытанцы аднойчы выйгралі, яшчэ раз быў зафіксаваны мір. Калі перамогуць паўночныя астравіцяне – на радзіме ім пачнуць ставіць помнікі пры жыцці. Для Англіі ж капітуляцыя выкліча большы рэзананс, чым выхад з Еўразвязу.
Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя