Вера Лапко не змагла выйсці ў трэці круг турніру ВТА ў Мельбурне
Вера Лапко (298 ВТА) не змагла прабіцца ў трэці круг турніру ВТА ў Мельбурне. У матчы другога раўнду беларуска ў трох сэтах саступіла 18-й ракетцы свету з Харватыі Петры Марціч – 6:4, 3:6, 2:6.
На мужчынскім турніры Murrey River Open Ягор Герасімаў (78-ы нумар сусветнага рэйтынгу) у паядынку першага раўнда перамог у дзвюх партыях паўднёваафрыканскага тэнісіста Лойда Харыса (90) – 6:3, 7:5.
Яшчэ дзве беларускія тэнісісткі свае сустрэчы 1/16 фіналу турніру Gippsland Trophy правядуць у ноч з панядзелка на аўторак. Суперніцай сёмай ракеткі планеты Арыны Сабаленкі будзе эстонская тэнісістка Кая Канепі (94), а Аляксандра Сасновіч (90) сустрэнецца з румынкай Ірынай Бегу (79).
Кацярына Баравок і Уладзіслаў Рукляцоў сталі чэмпіёнамі Беларусі па настольным тэнісе
У Менску вызначыліся чэмпіёны і прызёры чэмпіянату Беларусі па настольным тэнісе. У фінальным паядынку жаночага адзіночнага разраду Кацярына Баравок абыграла Веру Волкаву з „сухім” лікам 4:0. На працягу ўсяго чэмпіянату яго пераможца не прайграла ніводнай партыі, завяршыўшы ўсе свае паядынкі з вынікам 4:0. Бронза ў Дар’і Трыгалос, якая перамагла Надзею Багданаву з лікам 4:2. У мужчын чэмпіёнам стаў Уладзіслаў Рукляцоў, які адолеў ў фінале Андрэя Мілаванава – 4:3. Бронза ў Аляксандра Ханіна, які перамог Іллю Барболіна – 4:0.
У жаночым парным разрадзе перамаглі Дар’я Трыгалос і Надзея Багданава, якія выйгралі ў фінале ў Кацярыны Баравок і Веры Волкавай – 3:0. Бронза ў Дар’і Кісель і Карыны Падражанец, яны адолелі ў матчы за трэцяе месца Таццяну Чакавую і Дар’ю Васіленку з лікам 3:2. Мужчынскі парны турнір выйгралі Уладзіслаў Рукляцоў і Аляксандр Ханін, якія ўзялі верх над Іллём Барболіным і Андрэем Цярохіным – 3:2. Трэцяе месца занялі Мікалай Зражевец і Андрэй Лабанаў, якія перамаглі Георгія Кунаца і Міхаіла Цыганоўскага з лікам 3:1.
Крыніца: матчы ЧС-2021 замест Менска прыме Браціслава
Швейцарскае выданне Watson паведаміла, што ў бліжэйшы аўторак Міжнародная федэрацыя хакея прыме рашэнне адносна новага месца правядзення чэмпіянату свету па хакеі-2021. Як паведамляе выданне, акрамя зацверджанай Рыгі, матчы турніру пройдуць у Браціславе – менавіта гэты варыянт прапануе замест Менска рабочая група ІІХФ. Першапачаткова ЧС-2021 павінен быў прайсці ў Рызе і Менску, але ў сярэдзіне студзеня ІІХФ адмовіла сталіцы Беларусі ў праве прымаць турнір, так як у гэтым выпадку адбылася б масавая адмова спонсараў ад удзелу ў фінансаванні.
Уругваец Факунда Кейрас падпіша кантракт з „Рухам”
Уругвайскі абаронца Факунда Кейрас падпіша кантракт з берасцейскім „Рухам”, а затым на правах арэнды да ліпеня будзе выступаць за ФК „Менск”. 22-гадовы абаронца раней выступаў за клуб з трэцяга дывізіёна Уругвая.
Беларускі абаронца Руслан Хадаркевіч працягнуў кантракт з салігорскім „Шахцёрам”. Новае пагадненне разлічана да канца 2022 года, паведамляе прэс-служба гарнякоў. У чэмпіянаце-2020 Хадаркевіч правёў 25 матчаў і аддаў адзін галявы пас.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя
Фота з адкрытых крыніц